САФОНІЯ 2
1Зьбярыцеся, зьбярыцеся, народзе бяз сораму,
2перш, чым народзіцца пастанова і як мякіна праміне дзень, перш, чым прыйдзе на вас ярасьць гневу ГОСПАДА, перш, чым прыйдзе на вас дзень гневу ГОСПАДА.
3Шукайце ГОСПАДА, усе пакорныя зямлі, якія спаўняеце суд Ягоны; шукайце праведнасьці, шукайце ўпакораныя. Можа, вы схаваецеся ў дзень гневу ГОСПАДА.
4Бо Газа будзе пакінутая, і Ашкелон спустошаны, Ашдод апоўдні будзе выгнаны, і Экрон будзе выкарэнены.
5Гора жыхарам узьбярэжжа мора, народу Крыту! Слова ГОСПАДА на вас, Ханаан, зямля Філістынцаў! Я зьнішчу цябе, што ня будзе каму жыць.
6І будзе ўзьбярэжжа мора пашаю, жытлом для пастухоў і загарадкамі для авечак.
7І будзе ўзьбярэжжа для рэшты дому Юды, будуць пасьвіць на ім, у дамах Ашкелону будуць супачываць увечары, бо наведае іх ГОСПАД, Бог іхні, і верне палонных іхніх.
8«Я чуў ганьбаваньні Маава і зьнявагі сыноў Амона, якімі яны зьневажалі народ Мой і ўзьвялічваліся на мяжы іхняй.
9Дзеля гэтага, як жывы Я, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля, Мааў будзе як Садом і сыны Амона — як Гамора, месцам крапівы і капальняй солі, і пусткаю на вякі. Рэшта народу Майго абрабуе іх, і пазасталыя з народу Майго возьмуць у спадчыну іх».
10Гэта ім за пыху іхнюю, за тое, што яны зьневажалі і вывышаліся па-над народам ГОСПАДА Магуцьцяў.
11Страшны будзе ГОСПАД для іх, бо схуднеюць усе богі зямлі, і паклоніцца Яму кожны на месцы сваім, усе астравы народаў.
12І вы, Кушане, будзеце забітыя мячом Маім.
13І Ён выцягне руку Сваю на поўнач, зьнішчыць Асірыю, і Нініву зробіць пусткаю, сухой, як пустыня.
14І будуць ляжаць сярод яе чароды і ўсе жывёлы народаў, і пэлікан і вожык будуць начаваць на аздобах ейных, голас іхні будзе гучаць з вокнаў; сухія [трэскі будуць] у парогах, бо адарвуць кедравую [шалёўку ейную].
15Гэта горад вясёлы, які жыве бясьпечна, які кажа ў сэрцы сваім: «Я, і няма больш [нікога]». Вось, ён стаў пусткаю, логвішчам для зьвяроў! Кожны, хто праходзіць каля яго, сьвісьне і махне рукою сваёй.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath