ЗАХАРЫЯ 2
1І ўзьняў я вочы мае, і ўбачыў, і вось, муж, і ў руцэ ягонай меральны прут.
2І я сказаў: “Куды ты ідзеш?” А ён сказаў мне: “Мераць Ерусалім, каб убачыць, якая шырыня ягоная і якая даўжыня ягоная”.
3І вось, анёл, які гаварыў са мною, выходзіць, і другі анёл выходзіць насустрач яму,
4і сказаў яму: “Бяжы, прамоў да юнака гэтага, кажучы: ‘Ерусалім будзе заселены па-за мурамі з прычыны мноства людзей і скаціны ў ім.
5І Я буду для яго, кажа ГОСПАД, вогненным мурам вакол [яго], і буду славаю пасярод яго’”.
6Гора, гора! Уцякайце з зямлі паўночнай, кажа ГОСПАД, бо на чатыры вятры нябесныя Я расьцярушу вас, кажа ГОСПАД.
7Гора! Уцякай на Сыён тая, якая жывеш у дачкі Бабілону.
8Бо гэта сказаў ГОСПАД Магуцьцяў: “Дзеля славы [Сваёй] Ён паслаў мяне да народаў, якія рабавалі вас, бо хто дакранаецца да вас, дакранаецца да зрэнкі вока Ягонага.
9І вось Я махну рукою Маёй на іх, і яны будуць здабычай для слугаў сваіх, і даведаецеся, што ГОСПАД Магуцьцяў паслаў мяне.
10Весяліся і радуйся, дачка Сыёну, бо вось, Я прыходжу і буду жыць пасярод цябе, кажа ГОСПАД.
11І далучыцца шмат народаў да ГОСПАДА ў той дзень і будуць Мне народам, і Я буду жыць пасярод цябе, і ты даведаешся, што ГОСПАД Магуцьцяў паслаў мяне да цябе.
12І ўспадкаеміць ГОСПАД Юду, частку Сваю ў зямлі сьвятой, і зноў выбярэ Ерусалім”.
13Няхай змоўкне ўсякае цела перад абліччам ГОСПАДА, бо Ён паўстаў са сьвятой сялібы Сваёй.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath