Хрысціянства
назад

ЗАХАРЫЯ 12

1Цяжар слова ГОСПАДА пра Ізраіля. Кажа ГОСПАД, Які расьцягнуў неба, і заснаваў зямлю, і ўкшталтаваў дух чалавека ў нутры ягоным.

2Вось, Я зраблю Ерусалім келіхам хістаньня для ўсіх народаў навокал, і таксама будзе для Юды, калі будуць аблягаць Ерусалім.

3І станецца ў той дзень, што Я зраблю Ерусалім цяжкім камянём для ўсіх народаў. Усе, якія будуць падымаць яго, калецтвам скалечацца, і зьбяруцца супраць яго ўсе народы зямлі.

4У той дзень, кажа ГОСПАД, Я ўдару кожнага каня жахам, а вершніка ягонага — шаленствам; і на дом Юды Я адкрыю вочы Мае, а ўсіх коней народаў Я ўдару сьлепатою.

5І скажуць князі Юды ў сэрцы сваім: «Сіла для жыхароў Ерусаліму — у ГОСПАДЗЕ Магуцьцяў, Богу іхнім».

6У той дзень Я зраблю князёў Юды як казан з агнём сярод дроваў і як паходню запаленую сярод снапоў, і яны пажаруць справа і зьлева ўсе народы навокал, і Ерусалім будзе зноў населены на месцы сваім, у Ерусаліме.

7І збавіць ГОСПАД спачатку намёты Юды, каб не вывышалася слава дому Давіда і слава жыхароў Ерусаліму па-над Юду.

8У той дзень будзе бараніць ГОСПАД жыхароў Ерусаліму, і той, які спатыкаецца сярод іх, у той дзень будзе як Давід, а дом Давіда будзе як Бог, як анёл ГОСПАДА перад абліччам іхнім.

9І станецца ў той дзень, што Я буду шукаць, каб зьнішчыць усе тыя народы, якія выйдуць супраць Ерусаліму.

10І Я выльлю на дом Давіда і на жыхароў Ерусаліму Дух ласкі і маленьня, і яны будуць глядзець на Таго, Якога яны прабілі, і будуць галасіць па Ім, як галосяць па адзіным [сыне], і будуць горка плакаць па Ім, як горка плачуць па першародным.

11У той дзень будзе вялікае галашэньне ў Ерусаліме, як галашэньне Гадад-Рымона ў даліне Мэгідо.

12І зямля будзе галасіць, кожная сям’я асобна: сям’я дому Давіда асобна, і жанчыны іхнія асобна; сям’я дому Натана асобна, і жанчыны іхнія асобна;

13сям’я дому Левія асобна, і жанчыны іхнія асобна; сям’я Шымэя асобна, і жанчыны іхнія асобна,

14усе сем’і, якія засталіся, кожная сям’я асобна, і жанчыны іхнія асобна.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath