ПЕСЬНЯ 7
1«Агляніся, агляніся, Шуламянка, агляніся, агляніся, і мы паглядзім на цябе». «Што вы глядзіце на Шуламянку, нібы на танец двух карагодаў?»
2«Якія прыгожыя ногі твае ў сандалах, дачка шляхетная! Выгін клубоў тваіх як аздобны абруч, які зроблены рукою майстра.
3Улоньне тваё — як чаша круглая, ніколі не забракне ў ёй віна мяшанага; жывот твой — як сноп пшаніцы, абстаўлены лілеямі.
4Двое грудзей тваіх — як двое казьлянятаў, блізьнятаў сарны.
5Шыя твая — як вежа з косьці слановае. Вочы твае — як сажалкі ў Хешбоне, каля брамы Бат-Раббім. Нос твой — як вежа Лібану, што глядзіць у бок Дамаску.
6Галава твая над табою — як Кармэль, а валасы на галаве тваёй — як пурпур. Валадар зьвязаны косамі [тваімі].
7Якая ты прыгожая і якая прыемная, каханая, у асалодзе [тваёй]!
8Стан твой [гонкі], як пальма, а грудзі — як гронкі [вінаградныя].
9Я сказаў: “Узьлезу я на пальму і схаплю гронкі яе”, і будуць грудзі твае як гронкі вінаградныя, і пах подыху твайго — як [пах] яблыкаў.
10Вусны твае — як віно найлепшае, якое ліецца да любага, асалоджваючы вусны стомленыя».
11«Я [належу] любаму майму, і да мяне памкненьне ягонае.
12Прыйдзі, любы мой, пойдзем у поле, пераначуем за горадам.
13Устанем раніцай, наведаем вінаграднікі, паглядзім, ці заквітнеў вінаград, ці распусьціліся кветкі ці цьвітуць дрэвы гранатовыя, там я дам табе каханьне маё.
14Мандрагоры разьліваюць водар, у дзьвярах нашых усякія плады адборныя, новыя і старыя, якія я, любы мой, захавала для цябе».
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath