РУТ 1
1І было ў дні, калі судзілі судзьдзі, і быў голад на зямлі, і пайшоў чалавек з Бэтлеему Юдэйскага жыць на палях Мааву, ён, і жонка ягоная, і два сыны ягоныя.
2І [было] імя чалавека Элімэлех, а імя жонкі — Наомі, а імёны двух сыноў ягоных — Махлон і Кільён з Эфраты, з Бэтлеему Юдэйскага. І прыйшлі яны на палі Мааву, і былі там.
3І памёр Элімэлех, муж Наомі, і засталася яна і два сыны ейныя.
4І ўзялі яны сабе жонак Мааўлянак, імя адной — Орпа, а імя другой — Рут. І яны жылі там гадоў дзесяць.
5І памерлі таксама Махлон і Кільён, і засталася жанчына без дзяцей і бяз мужа.
6І ўстала яна, і нявесткі яе, і вярнуліся з палёў Мааву, бо пачула яна на палях Мааву, што ГОСПАД наведаў народ Свой і даў ім хлеб.
7І выйшла яна з месца, у якім была, і дзьве нявесткі ейныя з ёй, і яны пайшлі па дарозе назад у зямлю Юды.
8І сказала Наомі двум нявесткам сваім: «Ідзіце, няхай [кожная] жанчына вернецца ў дом маці сваёй. Няхай зьявіць вам ГОСПАД міласэрнасьць, як вы зьявілі памерлым сваім і мне.
9Няхай дасьць вам ГОСПАД знайсьці спакой жаночы ў доме мужа свайго». І яна пацалавала іх, а яны ўзьнялі голас свой і заплакалі.
10І сказалі яны ёй: «Мы вернемся з табою да народу твайго».
11І сказала Наомі: «Вяртайцеся, дочкі мае. Навошта вы пойдзеце са мною? Ці ж маю я сыноў ва ўлоньні маім, каб яны сталіся мужамі для вас?
12Вяртайцеся, дочкі мае, ідзіце. Бо я занадта старая, каб выйсьці замуж, нават калі б я сказала: “Ёсьць для мяне надзея”, і таксама ў гэту ноч выйшла замуж, і нарадзіла сыноў,
13ці будзеце вы чакаць, пакуль яны вырастуць? Ці дзеля іх вы ня выйдзеце замуж? Не, дочкі мае. Вельмі горка мне з-за вас, бо зьвернута на мяне рука ГОСПАДА».
14І яны ўзьнялі голас свой, і плакалі. І Орпа пацалавала сьвякруху сваю, а Рут засталася з ёю.
15І сказала [Наомі]: «Вось, швагерка твая вярнулася да народу свайго і багоў сваіх. Вяртайся і ты за швагеркай тваёй».
16І сказала Рут: «Не прымушай мяне, каб я пакінула цябе і зыйшла ад цябе. Куды ты пойдзеш, туды я пайду, дзе ты будзеш жыць, там я буду жыць. Народ твой будзе народам маім, і Бог твой будзе Богам маім.
17Дзе ты памрэш, там я памру, і там буду пахаваная. Няхай гэта зробіць мне ГОСПАД і няхай яшчэ дадасьць, бо [толькі] сьмерць аддзеліць мяне ад цябе».
18І ўбачыла [Наомі], што [Рут] вырашыла ісьці з ёю, і перастала адгаворваць яе.
19І ішлі абедзьве разам, аж прыйшлі ў Бэтлеем. І было, калі прыйшлі ў Бэтлеем, увесь горад узрушыўся, і казалі: «Ці ж гэта Наомі?»
20А яна казала ім: «Не называйце мяне Наомі, але называйце мяне Мара, бо вялікай горыччу напоўніў мяне Усемагутны.
21Я выйшла поўная, але пустою вярнуў мяне ГОСПАД. Чаму вы называеце мяне Наомі, калі ГОСПАД выступіў супраць мяне і Усемагутны спаслаў няшчасьце на мяне».
22І вярнулася Наомі, і Рут Мааўлянка, нявестка ейная, з ёю вярнулася з палёў Мааву, і прыйшлі яны ў Бэтлеем на пачатку жніва ячменю.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath