Хрысціянства
назад

АДКРЫЦЬЦЁ 9

1І пяты анёл затрубіў, і ўбачыў я зорку, якая ўпала з неба на зямлю, і дадзены быў ёй ключ ад калодзежа бездані,

2і адчыніла яна калодзеж бездані, і ўзьняўся з калодзежа дым, як дым з вялікае печы; і зацьмілася сонца і паветра ад дыму з калодзежа.

3І з дыму выйшла на зямлю саранча, і дадзена ёй улада, як маюць уладу скарпіёны зямныя,

4і сказана ёй, каб не рабіла шкоды ані траве зямной, ані ўсякай зеляніне, ані ўсякаму дрэву, а толькі адным людзям, якія ня маюць пячаткі Божае на ілбах сваіх;

5і дадзена ёй, каб не забівала іх, але каб мучыліся пяць месяцаў, і мучэньне ад яе, як мучэньне ад скарпіёна, калі ўджаліць чалавека.

6І ў тыя дні людзі будуць шукаць сьмерці і ня знойдуць яе, і будуць жадаць памерці, і сьмерць будзе ўцякаць ад іх.

7І выгляд саранчы падобны да коней, якія падрыхтаваныя на бітву, і на галовах у яе быццам вянкі, падобныя да золата; і абліччы ў яе быццам абліччы чалавечыя,

8і яна мела валасы, як валасы жаночыя, і зубы ў яе былі як у ільвоў.

9І мела яна панцыры, быццам панцыры жалезныя, і гук крылаў ейных быццам гук мноства калясьніцаў, [запрэжаных] коньмі, якія бягуць на бітву,

10і мае хвасты, падобныя да скарпіёнавых, і ў хвастах у яе джала было, і ўлада яе — рабіць шкоду людзям пяць месяцаў,

11і мае над сабою за валадара анёла бездані, імя якога па-гебрайску — Абаддон, а па-грэцку мае імя Апаліён.

12Адно гора прайшло; вось, прыходзяць яшчэ два горы за ім.

13І шосты анёл затрубіў, і я пачуў адзін голас з чатырох рагоў залатога ахвярніку, што перад Богам,

14які казаў да шостага анёла, што меў трубу: «Разьвяжы чатырох анёлаў, якія зьвязаныя над вялікай ракой Эўфрат».

15І былі разьвязаныя чатыры анёлы, якія былі падрыхтаваныя на гадзіну, і дзень, і месяц, і год, каб забіць трэцюю частку людзей.

16І лічба коннага войска — два дзясяткі тысячаў дзясяткаў тысячаў; і я пачуў лічбу іх.

17І гэтак я ўбачыў коней у відзежы, і вершнікаў на іх, якія мелі панцыры агністыя і гіяцынтавыя, і серкавыя; і галовы ў коней, як галовы ў ільвоў, і з храпаў іхніх выходзіць агонь, і дым, і серка.

18Трыма гэтымі была забіта трэцяя частка людзей: агнём, і дымам, і серкаю, што выходзілі з храпаў іхніх.

19Бо ўлада іхняя — у храпах іхніх, а хвасты іхнія падобныя да зьмеяў, маюць галовы і імі робяць шкоду.

20І рэшта людзей, што не была забітая плягамі гэтымі, не навярнулася ад справаў рук сваіх, каб не пакланяцца дэманам і ідалам залатым, і срэбным, і мядзяным, і каменным, і драўляным, якія ані бачыць ня могуць, ані чуць, ані хадзіць;

21і не навярнуліся ад забойстваў сваіх, і ад чараўніцтва свайго, і ад распусты сваёй, і ад крадзяжоў сваіх.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath