АДКРЫЦЬЦЁ 7
1І пасьля гэтага я ўбачыў чатырох анёлаў, якія стаялі на чатырох кутах зямлі і трымалі чатыры вятры зямлі, каб ня дзьмуў вецер ані на зямлю, ані на мора, ані на якое дрэва.
2І ўбачыў я іншага анёла, які ўзыходзіў ад усходу сонца, які меў пячатку Бога Жывога. І закрычаў ён вялікім голасам да чатырох анёлаў, якім дадзена чыніць шкоду зямлі і мору, кажучы:
3«Не чыніце шкоды ані зямлі, ані мору, ані дрэвам, пакуль не паставім пячаткі на слугаў Бога нашага на ілбах іхніх».
4І пачуў я лічбу папячатаных — сто сорак чатыры тысячы папячатаных з усякага калена сыноў Ізраіля.
5З калена Юды — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Рубэна — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Гада — дванаццаць тысячаў папячатаных;
6з калена Асэра — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Нэфталі — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Манасы — дванаццаць тысячаў папячатаных;
7з калена Сымона — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Левія — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Ісахара — дванаццаць тысячаў папячатаных;
8з калена Завулёна — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Язэпа — дванаццаць тысячаў папячатаных; з калена Бэн’яміна — дванаццаць тясячаў папячатаных.
9Пасьля гэтага ўбачыў я, і вось, вялізарны натоўп, палічыць якога ніхто ня мог, з усякага народу, і калена, і племені, і мовы стаіць перад пасадам і перад Ягнём, апранутыя ў белыя вопраткі, і пальмы ў руках іхніх,
10і ўсклікаюць яны вялікім голасам, кажучы: «Збаўленьне ў Бога нашага, Які сядзіць на пасадзе, і Ягняці!»
11І ўсе анёлы стаялі вакол пасаду, і старостаў, і чатырох жывёлаў, і ўпалі яны перад пасадам на абліччы свае, і пакланіліся Богу,
12кажучы: «Амэн! Дабраслаўленьне, і слава, і мудрасьць, і падзяка, і пашана, і моц, і магутнасьць Богу нашаму на вякі вякоў! Амэн!»
13І адказаў адзін са старостаў, кажучы да мяне: «Гэтыя, апранутыя ў белыя вопраткі, хто яны і адкуль прыйшлі?»
14І я сказаў яму: «Пане, ты ведаеш». І ён сказаў мне: «Гэта тыя, якія прыйшлі з вялікага прыгнёту. І яны памылі вопраткі свае і выбелілі вопраткі свае ў крыві Ягняці.
15Дзеля гэтага яны перад пасадам Бога і служаць Яму ўдзень і ўначы ў бажніцы Ягонай; і Той, Які сядзіць на пасадзе, паселіцца ў іх,
16і ня будуць яны хацець есьці, і ня будуць смагнуць, і ня будзе пячы іх сонца і аніякая сьпёка,
17бо Ягня, Які пасярод пасаду, будзе пасьвіць іх і вадзіць іх да жывых крыніцаў водаў, і абатрэ Бог усякую сьлязіну з вачэй іхніх».
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath