Хрысціянства
назад

АДКРЫЦЬЦЁ 6

1І ўбачыў я, што Ягня адчыніў адну з пячатак, і я пачуў адну з чатырох жывёлаў, якая казала быццам голасам грымотным: «Прыйдзі і глядзі».

2І я ўбачыў, і вось, конь белы, і вершнік на ім, які мае лук; і дадзены яму вянок, і ён выйшаў, перамагаючы, і каб перамагчы.

3І калі Ён адчыніў другую пячатку, я пачуў другую жывёлу, якая казала: «Прыйдзі і глядзі».

4І выйшаў іншы конь, чырвоны, і вершніку на ім дадзена забраць супакой з зямлі, і каб адны адных забівалі; і дадзены яму меч вялікі.

5І калі Ён адчыніў трэцюю пячатку, я пачуў трэцюю жывёлу, якая казала: «Прыйдзі і глядзі». І я ўбачыў, і вось, конь чорны, і вершнік на ім, які меў шалі ў руцэ сваёй.

6І пачуў я голас пасярод чатырох жывёлаў, які казаў: «Хінікс пшаніцы за дынар, і тры хініксы ячменю за дынар; і алівы і віна не марнуй».

7І калі Ён адчыніў чацьвёртую пячатку, я пачуў голас чацьвёртае жывёлы, які казаў: «Прыйдзі і глядзі».

8І я ўбачыў, і вось, конь бляды, і вершнік на ім, імя якому — Сьмерць, і пекла ідзе за ім; і дадзена ім улада забіваць на чацьвёртай частцы зямлі мячом, і голадам, і сьмерцю, і зьвярамі зямнымі.

9І калі Ён адчыніў пятую пячатку, я ўбачыў пад ахвярнікам душы забітых за Слова Божае і за сьведчаньне, якое яны мелі.

10І закрычалі яны голасам вялікім, кажучы: «Дакуль, Уладару Сьвяты і Праўдзівы, ня судзіш і ня помсьціш за кроў нашу жыхарам зямлі?»

11І былі дадзены кожнаму вопраткі белыя, і сказалі ім, каб супакоіліся яшчэ крыху часу, пакуль не дапоўняць [лік] таварышы іхнія і браты іхнія, што маюць быць забітыя, як і яны.

12І ўбачыў я, калі Ён адчыніў шостую пячатку, і вось, стаўся вялікі землятрус, і сонца сталася чорным, як мех валасяны, і месяц стаўся, як кроў,

13і зоркі нябесныя ўпалі на зямлю, як дрэва фігавае, устрасанае вялікім ветрам, скідае недасьпелыя фігі свае,

14і неба зьнікла, як скручваецца кніга, і кожная гара і востраў былі зрушаны з месцаў сваіх.

15І валадары зямныя, і магнаты, і багатыры, і тысячнікі, і магутныя, і кожны слуга, і кожны свабодны схаваліся ў пячорах і ў горных скалах,

16і кажуць горам і скалам: «Упадзіце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, Які сядзіць на пасадзе, і ад гневу Ягняці,

17бо прыйшоў вялікі дзень гневу Ягонага, і хто зможа ўстаяць?»

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath