Хрысціянства
назад

АДКРЫЦЬЦЁ 19

1І пасьля гэтага пачуў я голас вялікі мноства народу ў небе, які казаў: «Альлелюя! Збаўленьне, і слава, і пашана, і моц Госпаду, Богу нашаму!

2Бо слушныя і справядлівыя суды Ягоныя, бо засудзіў Ён вялікую распусьніцу, якая паганіла зямлю распустаю сваёю, і адпомсьціў за кроў слугаў Сваіх ад рукі яе».

3І другі раз сказалі: «Альлелюя! І дым яе ўзьнімаецца на вякі вякоў».

4І ўпалі дваццаць чатыры старосты і чатыры жывёлы, і пакланіліся Богу, Які сядзіць на пасадзе, кажучы: «Амэн! Альлелюя!»

5І выйшаў голас з пасаду, які казаў: «Хваліце Бога нашага, усе слугі Ягоныя і тыя, хто баіцца Яго, і малыя, і вялікія!»

6І пачуў я быццам голас шматлікага натоўпу, і быццам голас мноства водаў, і быццам гук грымотаў моцных, які казаў: «Альлелюя! Бо заваладарыў Госпад, Бог Усеўладны!

7Узрадуемся, і ўзьвесялімся, і дамо славу Яму, бо прыйшло вясельле Ягняці, і жонка Ягоная падрыхтавала сябе».

8І дадзена ёй, каб апранулася ў вісон чысты і сьветлы; вісон жа — гэта праведнасьць сьвятых.

9І кажа мне: “Напішы: «Шчасьлівыя тыя, якія пакліканыя на вячэру вясельную Ягняці». І кажа мне: «Гэта ёсьць праўдзівыя словы Божыя».

10І я ўпаў да ног ягоных, каб пакланіцца яму, і ён кажа мне: «Глядзі, не [рабі гэтага]! Я — таварыш твой і братоў тваіх, якія маюць сьведчаньне Ісуса. Богу пакланіся, бо сьведчаньне Ісуса ёсьць дух прароцтва».

11І ўбачыў я неба адчыненае, і вось, конь белы, і Вершнік на ім, называны Верным і Праўдзівым, і Ён паводле справядлівасьці судзіць і ваюе.

12А вочы Ягоныя — як полымя агню, і на галаве Ягонай шмат дыядэмаў. Ён мае імя напісанае, якога ніхто ня ведае, апрача Яго Самога.

13І Ён апрануты ў шату акрываўленую, і імя Ягонае называецца: «Слова Божае».

14І ішлі за Ім войскі нябесныя на белых конях, апранутыя ў вісон белы і чысты.

15І з вуснаў Ягоных выходзіць меч востры, каб ім біць народы, і Ён будзе пасьвіць іх кіем жалезным. І Ён топча тоўчню віна ярасьці і гневу Бога Ўсеўладнага.

16І мае на шатах і на сьцягне Сваім напісанае імя: «Валадар валадароў і Пан паноў».

17І ўбачыў я аднаго анёла, які стаяў на сонцы. І крыкнуў ён голасам вялікім, кажучы да ўсіх птушак, якія лёталі па сярэдзіне неба: «Хадземце, зьбірайцеся на вячэру Вялікага Бога,

18каб есьці целы валадароў, і целы тысячнікаў, і целы дужых, і целы коней і вершнікаў на іх, і целы ўсіх свабодных, і слугаў, і малых, і вялікіх».

19І ўбачыў я зьвера, і валадароў зямных, і войскі іхнія, сабраныя дзеля вайны з Тым, Які сядзіць на кані, і з войскам Ягоным.

20І быў схоплены зьвер, і з ім — фальшывы прарок, які рабіў знакі перад ім, якімі падманваў тых, што атрымалі пазнаку зьвера і пакланяліся вобразу ягонаму. Абодва жыўцом былі кінутыя ў возера агню, якое палае серкаю.

21І рэшта была забітая мячом, што выходзіў з вуснаў Таго, Які сядзеў на кані. І ўсе птушкі насыціліся целамі іхнімі.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath