ПСАЛЬМЫ 90
1Малітва Майсея, мужа Божага. Госпадзе, Ты быў для нас сялібаю з пакаленьня ў пакаленьне!
2Перш, чым горы нарадзіліся, і Ты даў кшталт зямлі і сусьвету, ад веку і на вякі Ты ёсьць Бог.
3Ты вяртаеш у друз чалавека і кажаш: «Вярніцеся, сыны Адама!»
4Бо тысяча гадоў перад вачыма Тваімі — як учорашні дзень, што мінуў, і варта начная.
5Ты іх зносіш [разводзьдзем]; яны — як сон і як трава, якая раніцаю зелянее.
6Раніцаю квітнее яна і зелянее, а ўвечары зрэжуць яе, і яна сохне.
7Бо мы зьнікаем ад гневу Твайго, ад ярасьці Тваёй мы спалоханыя.
8Ты паклаў беззаконьні нашыя перад Сабою, нашыя схаваныя [грахі] — перад сьветласьцю аблічча Твайго.
9Бо ўсе дні нашыя прападаюць ад абурэньня Твайго, гады нашы сканчваюцца, быццам той уздых.
10Дзён гадоў нашых — гадоў семдзясят, а як пры сіле — гадоў восемдзясят; і найлепшае ў іх — гарапашнасьць і ліхоцьце, бо прамінаюць яны шпарка, і мы адлятаем.
11Хто ведае моц гневу Твайго і абурэньне Тваё, што як страх перад Табою?
12Лічыць дні нашыя навучы Ты нас, каб прыдбаць нам мудрае сэрца.
13Павярніся, ГОСПАДЗЕ! Дакуль Ты? Пашкадуй слугаў Тваіх!
14Насыць нас раніцаю міласэрнасьцю Тваёй, каб мы весяліліся і радаваліся ў-ва ўсе дні нашыя.
15Узрадуй Ты нас паводле дзён, у якія Ты прыгнятаў нас, і паводле гадоў, у якія мы бачылі ліхое.
16Няхай зьявіцца над слугамі Тваімі справа Твая, і веліч Твая — над сынамі іхнімі.
17Няхай хараство Госпада, Бога нашага, будзе над намі і ўмацуе справы рук нашых. Умацуй Ты справы рук нашых!
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath