ПСАЛЬМЫ 78
1Навучаньне Асафа. Зважай, народзе мой, на закон мой, прыхіліце вушы свае да словаў вуснаў маіх!
2Адчыню я вусны мае ў прыповесьці, буду апавядаць загадкі старадаўнія.
3Што чулі мы і даведаліся, і што бацькі нашыя расказалі нам,
4гэтага не схаваем ад сыноў іхніх, абвяшчаючы пакаленьню наступнаму хвалу ГОСПАДА і магутнасьць Ягоную, і цуды Ягоныя, што Ён учыніў.
5І Ён узьняў сьведчаньне ў Якубе, і паклаў Закон у Ізраілі, пра гэта загадаў бацькам нашым, каб яны паведамілі [гэта] сынам сваім,
6каб ведала пакаленьне наступнае, сыны, якія народзяцца, і каб яны ў свой час абвясьцілі [гэта] сынам сваім.
7І ўскладуць на Бога надзею сваю, і не забудуцца пра дзеяньні Божыя, і прыказаньні Ягоныя будуць захоўваць,
8і ня будуць падобныя да бацькоў сваіх, пакаленьня бунтаўнікоў і непакорных, пакаленьня, якое нетрывалае ў сэрцы сваім і дух іхні няверны Богу.
9Сыны Эфраіма, узброеныя лукамі, павярнулі назад у дзень бітвы.
10Яны не захавалі запавету Божага і адмовіліся хадзіць паводле Закону Ягонага.
11І забыліся пра дзеі Ягоныя і цуды, якія Ён даў ім бачыць.
12Перад бацькамі іхнімі ўчыніў Ён цуды ў зямлі Эгіпецкай, на полі Цаан.
13Ён расьсек мора і перавёў іх [праз яго], і паставіў воды, як капу.
14І вёў іх удзень воблакам, і ўсю ноч — сьвятлом вогненным.
15Ён рашчапіў скалы ў пустыні і напаіў іх, быццам з вялікай бездані,
16і вывеў струмяні са скалаў, і пацяклі рэкамі воды.
17Але яны і надалей грашылі супраць Яго, бунтаваліся супраць Найвышэйшага ў сухой [зямлі].
18Яны выпрабоўвалі Бога ў сэрцах сваіх, жадаючы спажывы для душаў сваіх.
19І гаварылі супраць Бога, кажучы: «Хіба Бог можа прыгатаваць стол у пустыні?»
20Вось, Ён ударыў скалу, і лінулі воды, і ручаі пацяклі. «Але ці можа Ён даць таксама хлеба і паставіць мяса для народу Свайго?»
21І пачуў ГОСПАД, і абурыўся, і ўзгарэўся агонь на Якуба, і ўзьняўся гнеў на Ізраіля,
22бо яны ня верылі Богу і не спадзяваліся на збаўленьне Ягонае.
23І Ён загадаў хмарам высока, і адчыніў дзьверы неба,
24і спаслаў дажджом ім манну, і даў ім збожжа нябеснага.
25Хлеб дужых еў чалавек; Ён спаслаў ім ежы ўдосталь.
26Ён рушыў вецер усходні ў небе і сілай Сваёю навёў вецер паўднёвы;
27і спаслаў дажджом на іх мяса, быццам пыл, і птушак крылатых — як пясок каля мора.
28І скінуў іх пасярод табару іхняга, навакол сялібаў іхніх.
29І елі яны, і насыціліся добра, і тое, што яны жадалі, Ён даў ім.
30Яшчэ не пазбавіліся яны жаданьня свайго, яшчэ спажыва іхняя была ў вуснах іхніх,
31як гнеў Божы ўзьняўся на іх, і забіў тлустых іхніх, і юнакоў Ізраіля паваліў.
32Пры ўсім гэтым яны далей грашылі і ня верылі ў цуды Ягоныя.
33І сканчваліся ў марнасьці дні іхнія, і гады іхнія — у страху.
34Калі Ён забіваў іх, яны шукалі Яго, і вярталіся, і імкнуліся да Бога,
35і ўзгадвалі, што Бог — скала іхняя, і Бог Найвышэйшы — Абаронца іхні.
36І яны лісьлівілі Яму вуснамі Сваімі, і языком сваім хлусілі перад Ім,
37і сэрца іхняе не было трывалым у Ім, і не былі яны верныя запавету Ягонаму.
38А Ён, спагадлівы [да іх], дараваў ім беззаконьне іхняе і ня зьнішчыў іх, і неаднакроць спыняў гнеў Свой, і не абуджаў усю ярасьць Сваю,
39бо памятаў, што яны — цела, вецер, які адыходзіць і ня вернецца.
40Як часта яны бунтаваліся супраць Яго ў пустыні, засмучалі Яго ў [зямлі] бязьлюднай!
41І зьвярталіся, і выпрабоўвалі Бога, і абражалі Сьвятога Ізраіля.
42Ня памяталі яны рукі Ягонай, дня, калі Ён іх вызваліў ад прыгнёту,
43калі знакі Свае рабіў у Эгіпце, і цуды Свае на полі Цаан.
44І Ён перамяніў рэкі іхнія і ручаіны іхнія ў кроў, што не маглі піць,
45спаслаў на іх мухаў, што іх кусалі, і жабаў, што іх губілі.
46І аддаў вусеням ураджаі іхнія, а працу іхнюю — саранчы.
47Пабіў градам вінаградныя лозы іхнія, фігавыя дрэвы іхнія — шэраньню.
48І аддаў граду скаціну іхнюю, а статкі іхнія — маланкам.
49І спаслаў на іх жар гневу Свайго, абурэньне, і ярасьць, і трывогі, навалу злых анёлаў.
50Выпрастаў сьцежку гневу Свайму, не захоўваў ад сьмерці душы іхнія, і жыцьцё іхняе пошасьці аддаў.
51І забіў усіх першародных у Эгіпце, пачаткі сілы ў намётах Хама.
52І вывеў, як авечак, народ Свой, і вёў іх, як статак, праз пустыню.
53І вёў іх у бясьпецы, і яны не палохаліся, а ворагаў іхніх мора накрыла.
54І прыйшлі яны да межаў сьвятасьці Ягонай, да гары, што набыла правіца Ягоная;
55і Ён выгнаў перад абліччам іхнім народы, і кінуў шнур, [каб падзяліць] спадчыну іхнюю, і пасяліў у намётах іхніх калены Ізраіля.
56Але яны выпрабоўвалі Бога Найвышэйшага і бунтаваліся супраць Яго, і сьведчаньняў Ягоных не захоўвалі,
57і яны адступаліся і здраджвалі, як і бацькі іхнія, выварочваліся, быццам той лук здрадлівы.
58І яны злавалі Яго ўзгоркамі сваімі, і балванамі сваімі раздражнялі Яго.
59Пачуў [гэта] Бог і абурыўся, і вельмі пагрэбаваў Ізраілем.
60І Ён пакінуў сялібу ў Шыло, намёт, у якім жыў сярод людзей;
61і аддаў у палон моц Сваю, і славу Сваю — у рукі прыгнятальніка.
62І аддаў пад меч народ Свой, і на спадчыну Сваю абурыўся.
63Юнакоў ягоных агонь зьядаў, і дзяўчаты ягоныя не былі ўшанаваныя.
64Сьвятары ягоныя падалі ад мяча, і ўдовы ягоныя ня плакалі.
65І быццам зо сну прачнуўся Госпад, як той волат, якога віно разьвесяліла,
66і Ён выбіў прыгнятальнікаў дашчэнту, на вечную ганьбу аддаў іх.
67І Ён адкінуў намёт Язэпа, і ня выбраў калена Эфраіма,
68а выбраў калена Юды, гару Сыён, якую палюбіў.
69І пабудаваў Ён як [пад неба] высокую сьвятыню Сваю; і як зямлю заснаваў яе на вякі.
70І выбраў Давіда, слугу Свайго, і ўзяў яго ад абораў авечых.
71Ад котных авечак забраў яго, каб пасьвіў Якуба, народ Ягоны, і Ізраіля, спадчыну Ягоную.
72І ён пасьвіў іх у беззаганнасьці сэрца свайго, і ў разважлівасьці рук сваіх вадзіў іх.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath