Хрысціянства
назад

ПСАЛЬМЫ 71

1У Табе, ГОСПАДЗЕ, я маю надзею. Ня дай мне асароміцца на вякі!

2Паводле праведнасьці Тваёй выратуй мяне і вызвалі! Прыхілі да мяне вуха Тваё і збаў мяне!

3Будзь мне скалой, дзе сяліба мая, куды прыходжу заўсёды, дзе Ты даў загад, каб збавіць мяне, бо Ты — скала мая і замчышча маё.

4Божа мой, вызваль мяне з рукі бязбожніка, з рукі беззаконьніка і прыгнятальніка.

5Бо Ты — надзея мая, Госпадзе, ГОСПАДЗЕ, пэўнасьць мая з маладосьці маёй!

6На Цябе я абапіраўся ад чэрава [маці]; з нутра маці маёй Ты вывеў мяне; дык Табе заўсёды хвала мая!

7Быццам дзіва стаўся я для многіх, але Ты — прыстанішча маё моцнае.

8Няхай будуць напоўненыя вусны мае хвалой Табе, кожны дзень — услаўленьнем Цябе.

9Не адкінь мяне ў час старасьці маёй. Калі зьнікнуць сілы мае, Ты не пакінь мяне!

10Бо змаўляюцца ворагі мае супраць мяне, і тыя, што сочаць за душою маёй, радзяцца між сабою,

11кажучы: «Бог пакінуў яго; дык ганіцеся за ім і схапіце яго, бо няма ў яго ратунку!»

12Божа, не аддаляйся ад мяне! Божа мой, пасьпяшайся на ўспамогу мне!

13Няхай будуць асаромленыя і зьнішчаныя тыя, што супрацьстаяць душы маёй! Няхай ганьбай і сорамам пакрыюцца тыя, што шукаюць ліхога для мяне!

14А я заўсёды буду спадзявацца і множыць усю хвалу Тваю.

15Вусны мае будуць абвяшчаць праведнасьць Тваю, і цэлы дзень — выратаваньне Тваё, бо ім лічбы ня ведаю я!

16Перайду да магутнасьці Госпада, ГОСПАДА, буду ўзгадваць праведнасьць Тваю, толькі Тваю!

17Божа, Ты вучыў мяне з маладосьці маёй, і дагэтуль я пра цуды Твае апавядаю.

18І да старасьці, і да сівізны не пакідай мяне, Божа, пакуль я пра рамяно Тваё не распавяду пакаленьню гэтаму і пра магутнасьць Тваю — усім, што народзяцца яшчэ.

19Бо праведнасьць Твая, Божа, аж да вышыняў, Ты чыніш вялікія рэчы. Божа, хто падобны да Цябе?

20Ты даў нам угледзець шмат трывог і ліха, але Ты вернеш нас да жыцьця і з бяздоньняў зямлі зноў узьнімеш нас.

21Ты памножыш велічнасьць маю і зноў пацешыш мяне.

22Дык я буду славіць на музычных інструмэнтах Цябе, мой Божа, і праўду Тваю! Буду выслаўляць Цябе на гусьлях, Сьвяты Ізраіля!

23Узрадуюцца вусны мае, бо я Цябе выслаўляю, і душа мая, што Ты выбавіў яе.

24І язык мой будзе цэлы дзень разважаць пра праведнасьць Тваю, бо асаромленыя і ў ганьбе тыя, што шукалі ліха для мяне.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath