ПСАЛЬМЫ 50
1Псальм Асафа. Бог багоў, ГОСПАД прамовіў і кліча зямлю ад усходу сонца да захаду яго.
2З Сыёну, вяршыні прыгажосьці, зазьзяў Бог.
3Прыйдзе Бог наш і ня будзе маўчаць, перад абліччам Ягоным агонь палючы, навакол Яго — бура вялізарная.
4Ён кліча неба, што ўверсе, і зямлю на суд народу Свайго:
5«Зьбярыце да Мяне багабойных Маіх, якія заключылі запавет са Мною пры ахвяры!»
6І будуць тады нябёсы апавядаць пра праведнасьць Ягоную, бо Сам Бог [ёсьць] Судзьдзя. (Сэлях)
7«Слухай, народзе Мой, і Я буду гаварыць. Ізраілю, Я буду сьведчыць супраць цябе. Бог, твой Бог — гэта Я!
8Не за ахвяры твае Я буду вінаваціць цябе, цэласпаленьні твае перада Мною заўсёды!
9Не вазьму Я быкоў з дому твайго, ані казлоў з абораў тваіх,
10бо Мае ўсе зьвяры лясныя і скаціна, што тысячамі [ходзіць] па гарах.
11Я ведаю ўсіх птушак у гарах, і зьвяры палявыя — у Мяне.
12Калі б Я згаладаўся, табе б Я не сказаў, бо Мой сусьвет і тое, што напаўняе яго.
13Ці ж Я ем мяса валоў і п’ю кроў казлоў?
14Ахвяруй падзяку Богу, і споўні перад Найвышэйшым абяцаньні твае.
15І кліч Мяне ў дзень трывогі, Я выратую цябе, і будзеш ушаноўваць Мяне».
16А да бязбожніка сказаў Бог: «Навошта ты пералічваеш пастановы Мае, узьнімаеш запавет Мой да вуснаў тваіх,
17і ненавідзіш настаўленьне, і словы Мае за сябе кідаеш?
18Калі бачыш злодзея, маеш упадабаньне ў ім, і з чужаложнікамі частка твая.
19Вусны твае ты расчыняеш на злое, і язык твой кнуе падступнае.
20Ты сядзіш і супраць брата твайго гаворыш, абмаўляеш сына маці тваёй.
21Гэтак ты рабіў, а Я маўчаў. Дык здалося табе, што Я такі самы, як ты! Але Я буду караць цябе і пастаўлю [справы твае] перад вачыма тваімі».
22Зважайце цяпер на гэта вы, што Бога забываеце, каб Я не схапіў [вас], бо ня будзе каму вызваліць.
23Хто ахвяруе падзяку, той ушаноўвае Мяне, і хто парадкуе шлях свой, таму Я пакажу збаўленьне Божае.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath