Хрысціянства
назад

ПСАЛЬМЫ 22

1Кіраўніку хору: на лад “Ланя на сьвітаньні”. Псальм Давіда.

2Божа мой, Божа мой! Чаму Ты пакінуў мяне, аддаліўся ад збаўленьня майго, ад словаў стагнаньня майго?

3Божа мой! Я клічу ўдзень, і Ты не адказваеш, і ўначы, і не супакойваюся.

4Але Ты — Сьвяты, Ты сядзіш па-над хвалою Ізраіля!

5На Цябе спадзяваліся бацькі нашыя, спадзяваліся, і Ты выратоўваў іх.

6Да Цябе крычалі яны і былі збаўленыя; на Цябе спадзяваліся і не былі асаромленыя.

7А я — чарвяк, а не чалавек, зьневажаны людзьмі і пагарджаны народам.

8Усе, якія бачаць мяне, кпяць з мяне, крывячы вусны і ківаючы галовамі:

9«Ён усклаў [надзею] на ГОСПАДА! Дык няхай Ён выратуе яго, няхай вызваліць яго, калі яму спагадае!»

10Але Ты выцягнуў мяне з чэрава [маці], пры грудзях маці маёй [напоўніў] мяне спадзяваньнем.

11На Цябе я пакінуты ад улоньня [маці]; ад чэрава маці маёй Ты — мой Бог!

12Не аддаляйся ад мяне, бо блізка бяда, бо няма дапамогі!

13Мяне абступілі дужыя быкі, бугаі Башанскія атачылі мяне.

14Яны разявілі ляпы свае на мяне, быццам леў, які [прагне] здабычы і рыкае.

15Я выліўся, быццам вада, і разьдзяліліся ўсе косткі мае. Сталася сэрца маё як воск, растапілася ў нутры маім.

16Высахла як чарапок сіла мая, язык мой прыліп да паднябеньня майго, і ў пыл сьмерці Ты кідаеш мяне.

17Бо сабакі абступілі мяне, грамада злачынцаў атачыла мяне, яны прабілі рукі мае і стопы мае.

18Можна палічыць усе косткі мае. Яны глядзяць, на мяне ўглядаюцца.

19Яны падзялілі адзеньне маё між сабою і пра вопратку маю кідалі жэрабя.

20Але Ты, ГОСПАДЗЕ, не аддаляйся ад мяне! Моцнасьць мая, пасьпяшайся мне на ўспамогу!

21Выратуй ад мяча душу маю, з пашчы сабак адзіную маю.

22Збаў мяне з пашчы ільвінае, і з рагоў аднарога адкажы мне!

23Дык я буду абвяшчаць імя Тваё братам маім, сярод царквы буду хваліць Цябе.

24Вы, якія баіцёся ГОСПАДА, хвалеце Яго! Усё насеньне Якуба, ушаноўвайце Яго, і бойся Яго, усё насеньне Ізраіля!

25Бо Ён не пагардзіў і ня брыдзіўся нэндзай прыгнечанага, і не схаваў аблічча Свайго ад яго, але пачуў яго, калі той галасіў да Яго.

26Пра Цябе хвала мая ў царкве вялікай; абяцаньне маё я споўню перад абліччам тых, якія баяцца Цябе.

27Будуць есьці ўцісканыя і насыцяцца; будуць хваліць ГОСПАДА тыя, якія шукаюць Яго. Сэрца вашае будзе жыць вечна!

28Схамянуцца і зьвернуцца да ГОСПАДА ўсе канцы зямлі, і паклоняцца перад абліччам Тваім усе плямёны народаў.

29Бо ГОСПАДУ [належыць] валадараньне і панаваньне над народамі.

30Будуць есьці і паклоняцца [перад Ім] усе заможныя зямлі; упадуць перад абліччам Ягоным усе, якія ў пыл зыходзяць і ня могуць захаваць пры жыцьці душу сваю.

31Насеньне [маё] будзе служыць Яму і будзе называцца Госпадавым у пакаленьні.

32Прыйдуць і будуць апавядаць народу, што мае нарадзіцца, праведнасьць Ягоную, бо Ён [такое] зрабіў.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath