ПСАЛЬМЫ 145
1Хвала Давіда. Буду вывышаць Цябе, Божа мой і Валадару, і дабраслаўляць імя Тваё на вякі і вечна!
2Штодня буду дабраслаўляць Цябе і буду хваліць імя Тваё на вякі і вечна.
3Вялікі ГОСПАД і годны хвалы, і веліч Ягоная недасьледная.
4Пакаленьне пакаленьню будзе хваліць творы Твае і пра магутнасьць Тваю будзе апавядаць.
5Пра слаўную годнасьць велічнасьці Тваёй і пра цудоўныя дзеі Твае буду разважаць.
6Пра магутнасьць [дзеяньняў] страшных Тваіх няхай гавораць яны; а я пра веліч Тваю буду абвяшчаць.
7Успаміны пра вялікую добрасьць Тваю яны будуць пераказваць і весяліцца дзеля праведнасьці Тваёй.
8Літасьцівы і спагадлівы ГОСПАД, павольны да гневу і вельмі міласэрны.
9Добры ГОСПАД да ўсіх, і літасьць Ягоная — па-над усе справы Ягоныя.
10Няхай славяць Цябе, ГОСПАДЗЕ, усе творы Твае, і багабойныя Твае няхай дабраслаўляюць Цябе!
11Пра славу Валадарства Твайго няхай гавораць яны і пра магутнасьць Тваю расказваюць,
12каб даведаліся сыны чалавечыя пра магутнасьць Ягоную і пра славу велічнасьці Валадарства Ягонага.
13Валадарства Тваё — валадарства на ўсе вякі, і панаваньне Тваё — у-ва ўсіх пакаленьнях.
14Падтрымлівае ГОСПАД усіх, хто падае, і падымае ўсіх прыгнечаных.
15Вочы ўсіх на Цябе ўзіраюцца, і Ты ім спажыву даеш у свой час.
16Ты расчыняеш руку Тваю і насычаеш усё, што жыве, паводле ўпадабаньня.
17Праведны ГОСПАД на ўсіх шляхах Сваіх і сьвяты ў-ва ўсіх справах Сваіх.
18ГОСПАД блізкі да ўсіх, што клічуць Яго, да ўсіх, што клічуць Яго ў праўдзе.
19Ён робіць паводле жаданьня тых, што баяцца Яго, і чуе лямант іхні і выбаўляе іх.
20ГОСПАД захоўвае ўсіх, што любяць Яго, але ўсіх бязбожных Ён зьнішчыць.
21Хвалу ГОСПАДУ будуць казаць вусны мае, і ўсякае цела няхай дабраслаўляе сьвятое імя Ягонае на вякі і вечна.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath