ПСАЛЬМЫ 106
1Альлелюя! Хвалеце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо міласэрнасьць Ягоная на вякі.
2Хто выкажа магутнасьць ГОСПАДА, дасьць пачуць усю хвалу Ягоную?
3Шчасьлівыя тыя, што захоўваюць суд і робяць праведнасьць у кожным часе.
4Памятай пра мяне, ГОСПАДЗЕ, праз ласкавасьць да народу Твайго! Наведай мяне са збаўленьнем Тваім,
5каб я ўгледзеў дабро выбранцаў Тваіх, каб я радаваўся радасьцю народу Твайго, каб хваліўся разам са спадчынаю Тваёю!
6Саграшылі мы разам з бацькамі нашымі, правініліся і адступіліся.
7Бацькі нашыя ў Эгіпце не зразумелі цудаў Тваіх, ня памяталі мноства міласэрнасьці Тваёй, бунтаваліся каля мора, пры моры Чырвоным.
8Але Ён збавіў іх дзеля імя Свайго, каб зьявіць магутнасьць Сваю.
9Ён утаймаваў мора Чырвонае, і яно высахла; і Ён правёў іх праз бяздоньне як праз пустыню.
10I збавіў іх з рукі ненавісьніка, і выбавіў іх з рукі ворага.
11І пакрылі воды прыгнятальнікаў іхніх, ніводзін з іх не застаўся.
12І хоць яны паверылі словам Ягоным і сьпявалі хвалу Яму,
13але хутка забыліся пра дзеі Ягоныя, не чакалі на раду Ягоную.
14І зажадалі жаданьнем у пустыні, і выпрабоўвалі Бога ў [зямлі] бязьлюднай.
15І Ён даў ім тое, чаго хацелі, і спаслаў зьнемажэньне ў душу іхнюю.
16I пазайздросьцілі Майсею ў табары, і Аарону, сьвятому ГОСПАДА.
17Расчынілася зямля, і праглынула Датана, і пакрыла грамаду Авірама,
18і загарэўся агонь пад грамадою іхняю, полымя спаліла бязбожнікаў.
19Яны зрабілі цяля пад Харэвам і пакланяліся перад літым [ідалам];
20і замянілі Славу сваю на вобраз вала, які есьць траву.
21Яны забыліся на Бога, Збаўцу свайго, Які вялікае ўчыніў у Эгіпце,
22цуды ў зямлі Хама, страшныя [рэчы] каля мора Чырвонага.
23І сказаў Ён, што вынішчыць іх, калі б не Майсей, выбранец Ягоны, які стаў у выломе перад абліччам Ягоным, каб адвярнуць ярасьць Ягоную, каб Ён ня вынішчыў іх.
24І пагрэбавалі яны зямлёй пажаданай, не паверылі словам Ягоным.
25І наракалі ў намётах сваіх, ня слухаліся голасу ГОСПАДА.
26І Ён падняў руку Сваю на іх, каб пападалі яны ў пустыні,
27і пападала насеньне іхняе сярод народаў, І Ён расьцярушыўіх па зямлі.
28І яны далучыліся да Баал-Пэгора, і елі ахвяры мёртвых,
29і злавалі [Яго] дзеяньнямі сваімі, і абрынулася на іх пляга.
30І паўстаў Пінхас, і спынілася пляга.
31І залічана яму гэта за праведнасьць з пакаленьня ў пакаленьне на вякі.
32І ўгнявілі яны [Бога] каля водаў Мэрывы, і з-за іх пацярпеў Майсей,
33бо бунтаваліся супраць духа ягонага, і ён неразважна гаварыў вуснамі сваімі.
34Яны ня зьнішчылі народаў, як ім казаў ГОСПАД,
35і зьмяшаліся з паганамі, і навучыліся справаў іхніх,
36і служылі ідалам іхнім, і яны сталіся для іх пасткаю,
37і ахвяроўвалі сыноў сваіх і дачок сваіх дэманам,
38і пралівалі кроў бязьвінную, кроў сыноў сваіх і дачок сваіх, якую ахвяроўвалі ідалам Ханаанскім, і апаганілася зямля ад крыві.
39І апаганілі сябе ўчынкамі сваімі, чужаложылі ў дзеяньнях сваіх.
40І распаліўся гнеў ГОСПАДА на народ Ягоны, і абрыдла Яму спадчына Ягоная.
41І Ён аддаў іх у рукі паганаў, і запанавалі над імі тыя, што ненавідзелі іх.
42І ўціскалі іх ворагі іхнія, і яны скарыліся пад рукою іхняю.
43Шмат разоў Ён выратоўваў іх, але яны бунтаваліся ў задумах сваіх і паніжаны былі за беззаконьне сваё.
44Але Ён глянуў на іх у горы іх, пачуўшы галашэньне іхняе,
45і ўзгадаў на іх дзеля запавету Свайго, і пашкадаваў іх дзеля мноства міласэрнасьці Сваёй,
46і Ён даў літасьць да іх перад абліччам усіх, што паняволілі іх.
47Збаў нас, ГОСПАДЗЕ, Божа наш, і зьбяры нас ад паганаў, каб мы славілі сьвятое імя Тваё і хваліліся славай Тваёю!
48Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, ад веку і на вякі! І няхай скажа ўвесь народ: «Амэн! Альлелюя!»
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath