ПСАЛЬМЫ 104
1Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА! ГОСПАДЗЕ, Божа мой, Ты вельмі вялікі! У годнасьць і велічнасьць Ты апрануўся!
2Ты ахінуўся ў сьвятло, быццам у шату, Ты раскінуў нябёсы, як намёт.
3Ты паставіў над водамі хорамы Твае, Ты паставіў хмары як калясьніцу Тваю, Ты ходзіш на крылах ветру.
4Ты робіш вятры анёламі Тваімі, служыцелямі Тваімі — агонь, што палае.
5Ты паставіў зямлю на месцы яе, ня можа яна пахіснуцца на вякі вечныя.
6Бяздоньнямі, як вопраткай, закрыў Ты яе; па-над горамі воды стаялі.
7Перад пагрозай Тваёй яны ўцякалі, перад голасам грымотаў Тваіх адступаліся.
8Узьнімаліся горы, зыходзілі раўніны на месцы, якія Ты заснаваў для іх.
9Ты паклаў [водам] мяжу, якую не пяройдуць; ня вернуцца, каб закрыць зямлю.
10Ты пасылаеш крыніцы для ручаёў, яны цякуць паміж гораў,
11пояць усіх зьвяроў палявых, праганяюць дзікія аслы смагу сваю.
12Над імі жывуць птушкі нябесныя, праз вецьце голас падаюць.
13Ты поіш горы з хорамаў Тваіх; пладамі дзеяў Тваіх зямля насычаецца.
14Ты ўзрошчваеш траву для скаціны і расьліны для працы чалавеку, каб вырастаў хлеб з зямлі
15і віно, якое сэрца людзям весяліць, і алей, ад якога твар іх блішчыць, і хлеб, які сэрца людзей умацоўвае.
16Насычаюцца дрэвы ГОСПАДА, кедры Лібанскія, якія Ён пасадзіў.
17Там птушкі робяць гнёзды, бусел на кіпарысе [мае] дом свой.
18Высокія горы — для сарнаў, скалы — прыстанішча для даманаў.
19Ён месяц зрабіў, [каб вызначаць] пару; сонца ведае захад свой.
20Ты цемру кладзеш, і стаецца ноч, у ёй рухаюцца ўсе зьвяры лясныя.
21Львяняты рыкаюць пра здабычу, шукаючы ў Бога пажывы.
22Як узыйдзе сонца, яны зьбіраюцца разам і ў логвах залягаюць.
23Выходзіць чалавек на дзеі свае і на працу сваю аж да вечара.
24Якія шматлікія, ГОСПАДЗЕ, дзеі Твае! Усё Ты ў мудрасьці ўчыніў, зямля поўная даброцьцяў Тваіх.
25Вось мора, вялікае і шырокае на абодва бакі. Там рухаецца безьліч жывёлаў малых і вялікіх.
26Там караблі ходзяць. Левіятан, якога Ты ўфармаваў, гуляе ў ім.
27Усе яны ўзіраюцца на Цябе, каб Ты даў ім пажыву ў свой час.
28Ты даеш ім, яны зьбіраюць; Ты адкрываеш руку Тваю, і яны дабром насычаюцца.
29Ты хаваеш аблічча Тваё, і яны палохаюцца; забіраеш дух іхні, і яны паміраюць, і ў пыл назад вяртаюцца.
30Ты пашлеш Дух Твой, і яны створаныя, і Ты аднаўляеш аблічча зямлі.
31Няхай будзе слава ГОСПАДА на вякі, няхай радуецца ГОСПАД з дзеяў Сваіх.
32Ён гляне на зямлю, і яна дрыжыць; дакранецца да гор, і яны палаюць.
33Буду сьпяваць ГОСПАДУ жыцьцём маім; буду выслаўляць Бога майго яшчэ больш.
34Няхай будзе салодкім Яму разважаньне маё, а я буду весяліцца ў ГОСПАДЗЕ.
35Няхай грэшнікі счэзнуць з зямлі, няхай больш ня будзе бязбожнікаў! Дабраславі, душа мая, ГОСПАДА! Альлелюя!
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath