Хрысціянства
назад

ПСАЛЬМЫ 102

1Малітва прыгнечанага, калі ён зьнемагае і перад ГОСПАДАМ вылівае смутак свой.

2ГОСПАДЗЕ, пачуй малітву маю, і лямант мой няхай дойдзе да Цябе!

3Не хавай аблічча Твайго ад мяне ў дзень уціску, прыхілі да мяне вуха Тваё ў дзень, калі клічу; хутчэй адкажы мне.

4Бо зьніклі, як дым, дні мае, і косткі мае выпаленыя як у гарне.

5Скошанае як трава і высахлае сэрца маё, ажно забываюся я есьці хлеб свой.

6Ад голасу ўздыханьня майго косткі мае прыляпіліся да цела майго.

7Я падобны да пэлікана ў пустыні, стаўся як пугач сярод спусташэньня.

8Я ня сплю і стаўся як птушка самотная на даху.

9Увесь дзень зьневажаюць мяне ворагі мае; тыя, што сьмяюцца з мяне, запрысягнуліся супраць мяне.

10Бо я ем попел як хлеб, і напой мой са сьлязьмі мяшаю

11праз гнеў [Твой] і абурэньне, бо Ты падняў мяне і кінуў.

12Дні мае, быццам цені, зьнікаюць, і я сохну, быццам трава.

13А Ты, ГОСПАДЗЕ, будзеш жыць на вякі, і памяць Твая — з пакаленьня ў пакаленьне.

14Ты паўстанеш, зьлітуешся над Сыёнам, бо час дараваць яму, бо прыйшла пара.

15Бо слугі Твае маюць ласку да камянёў ягоных і літасьць — над пылам ягоным.

16І будуць баяцца народы імя ГОСПАДА, і ўсе валадары зямныя — славы Тваёй,

17бо адбудаваў ГОСПАД Сыён і даў убачыць Сябе ў славе Сваёй.

18Ты прыхіліўся да малітвы прыніжанага і не пагардзіў малітвамі іхнімі.

19Будзе запісана гэта для пакаленьня наступнага, і народ, які будзе створаны, будзе хваліць ГОСПАДА,

20бо Ён глянуў з вышыні сьвятасьці Сваёй, паглядзеў ГОСПАД з нябёсаў на зямлю,

21каб пачуць стогны вязьня, каб вызваліць сыноў, сказаных на сьмерць,

22каб апавядалі на Сыёне імя ГОСПАДА, і хвалу Ягоную — у Ерусаліме,

23калі разам зьбяруцца народы і валадарствы, каб служыць ГОСПАДУ.

24Змардаваў Ён у дарозе сілу маю, скараціў дні мае.

25Я кажу: «Божа мой, не вазьмі Ты мяне ў палове дзён маіх! З пакаленьня ў пакаленьне гады Твае!

26Здаўна Ты заснаваў зямлю, і нябёсы — твор рук Тваіх.

27Яны згінуць, а Ты застанешся; і ўсе яны, як адзеньне, спарахнеюць, як вопратку іх пераменіш, і яны пераменяцца;

28а Ты — Той самы, і гады Твае ня маюць канца!

29Сыны слугаў Тваіх будуць жыць, і насеньне іхняе будзе ўмацаванае перад абліччам Тваім».

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath