Хрысціянства
назад

ПРЫПОВЕСЬЦІ 5

1Сыне мой, зважай на мудрасьць маю, прыхілі вуха тваё да розуму майго,

2каб меў ты разважлівасьць, і вусны твае захавалі веданьне.

3Бо вусны распусьніцы ацякаюць мёдам, і паднябеньне яе мякчэйшае за алей,

4але канец яе горкі, як палын, і востры, як меч двусечны.

5Ногі ейныя да сьмерці зыходзяць, а стопы ейныя на пекла абапіраюцца.

6Як яна не разумее сьцежкі жыцьця, дык хістаюцца крокі яе, і ты ня можаш ведаць іх.

7Дык вось цяпер, дзеці, паслухайце мяне, і не адыходзьцеся ад словаў вуснаў маіх.

8Аддалі ад яе шлях твой, і не падыходзь да дзьвярэй дому яе,

9каб не аддаць годнасьці тваёй іншым і гадоў тваіх — бязьлітаснаму,

10каб не сыцелі чужынцы з сілы тваёй, і з працы тваёй — у доме чужым.

11І будзеш ты потым стагнаць, калі будуць зьняможаныя цела тваё і сілы твае.

12І ты скажаш: «Чаму я зьненавідзеў настаўленьне, і сэрца маё ўзгардзіла дакараньнем.

13Ня слухаў я голасу настаўнікаў маіх, і не прыхіляў я вуха майго да тых, што вучылі мяне.

14Ледзь ня трапіў я ў вялікае няшчасьце сярод грамады і народу!»

15Пі ваду з крыніцы тваёй, тую, што цячэ з калодзежу твайго.

16Навошта крыніцам тваім разьлівацца на вуліцы, а ручаям цячы па плошчах?

17Няхай яны служаць толькі табе, а не чужынцам разам з табою.

18Няхай крыніца твая будзе дабраслаўлёная, і цешся жонкай маладосьці тваёй.

19Яна — ланя ласкавая і сарна прыгожая, грудзі ейныя няхай напойваюць цябе ў-ва ўсякую часіну, у каханьні яе мей асалоду заўсёды.

20Навошта табе, сыне мой, захапляцца распусьніцай і абдымаць улоньне чужаніцы?

21Бо перад вачамі ГОСПАДА шляхі чалавека, Ён ведае ўсе крокі яго.

22Бязбожніка схопяць ягоныя ўласныя правіны, і ён зьвязаны путамі грахоў сваіх.

23Ён памрэ без настаўленьня і будзе блукаць дзеля вялікай глупоты сваёй.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath