ПРЫПОВЕСЬЦІ 3
1Сыне мой, не забывайся настаўленьня майго, і няхай сэрца тваё захоўвае прыказаньні мае,
2бо доўгія дні, гады жыцьця і супакой прынясуць яны табе.
3Міласэрнасьць і праўда няхай не пакідаюць цябе, абвяжы імі шыю сабе і напішы іх на табліцах сэрца твайго,
4і знойдзеш ты ласку і спагаднасьць у вачах Бога і людзей.
5Спадзявайся на ГОСПАДА ўсім сэрцам тваім і не абапірайся на розум твой.
6Думай пра Яго на ўсіх шляхах тваіх, і Ён выпрастуе сьцежкі твае.
7Ня будзь мудры ў вачах сваіх, бойся ГОСПАДА і пазьбягай ліхоты.
8Гэта будзе здароўем для цела твайго і спасіленьнем для костак тваіх.
9Шануй ГОСПАДА ўсёй маёмасьцю тваёй і пяршынамі ўсіх пладоў тваіх,
10і напоўняцца гумны твае збожжам, а тоўчні твае перапоўняцца новым віном.
11Не адкідай, сыне мой, настаўленьня ГОСПАДА, і не ўхіляйся, калі Ён дакарае цябе,
12бо каго любіць ГОСПАД, таго карае, як бацька, які спагадае сыну.
13Шчасьлівы чалавек, які знайшоў мудрасьць, і чалавек, які прыдбаў разуменьне.
14Бо здабыць яе лепш, чым здабыць срэбра, і плады ейныя лепшыя за золата.
15Яна — каштоўнейшая за пэрліны, і нішто з таго, што ты прагнеш, ня можа параўнацца з ёю.
16Доўгасьць дзён у правай руцэ яе, а ў левай руцэ — багацьце і слава.
17Шляхі яе — шляхі прыемныя, і ўсе сьцежкі ейныя — супакой.
18Яна — дрэва жыцьця для тых, што трымаюцца яе, шчасьлівыя тыя, якія абапіраюцца на яе.
19ГОСПАД мудрасьцю заснаваў зямлю, нябёсы ўмацаваў розумам.
20Яго веданьнем расчыніліся бяздоньні і аблокі імгляць расою.
21Сыне мой, няхай гэта не адыходзіць ад вачэй тваіх, захоўвай разумнасьць і разважнасьць.
22І яны стануцца жыцьцём для душы тваёй і аздобаю для шыі тваёй.
23Тады пойдзеш бясьпечна шляхам тваім, і нага твая не пахісьнецца.
24Калі ляжаш спаць, ня будзеш мець страху, і калі засьнеш, сон твой будзе салодкі.
25Не спалохаешся раптоўнага страху і загубы бязбожнікаў, калі яна прыйдзе,
26бо ГОСПАД будзе спадзяваньнем тваім і захавае нагу тваю ад пасткі.
27Не адмаўляй у дабрадзействе таму, хто патрабуе, калі рука твая мае сілу зрабіць гэта.
28Не кажы бліжняму твайму: «Ідзі сабе і прыйдзі зноў, заўтра дам табе», калі маеш гэта пры сабе.
29Не надумляй ліхоцьця супраць бліжняга твайго, калі ён жыве пры табе бясьпечна.
30Не сварыся з чалавекам без прычыны, калі ён не зрабіў табе нічога благога.
31Не зайздросьці чалавеку злачыннаму і не выбірай ніводнага са шляхоў ягоных,
32бо ГОСПАД брыдзіцца крывадушным, а з правымі Ён сябруе.
33Праклён ад ГОСПАДА на доме бязбожніка, але жытло праведных Ён дабраслаўляе.
34Ён сьмяецца з насьмешнікаў, а пакорным ласку дае.
35Мудрыя атрымаюць у спадчыну славу, а бязглуздыя будуць насіць ганьбу.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath