ПРЫПОВЕСЬЦІ 2
1Сыне мой, калі ты прыймеш словы мае і захаваеш у сябе прыказаньні мае,
2прыхіляючы вуха тваё да мудрасьці і схіляючы сэрца тваё да разважлівасьці,
3калі вось клікаць будзеш розум і голас твой уздымеш, заклікаючы развагу,
4калі шукаць яе будзеш як срэбра, і прагнуць яе будзеш як багацьця,
5тады зразумееш страх перад ГОСПАДАМ і знойдзеш пазнаньне Бога.
6Бо ГОСПАД дае мудрасьць, і з вуснаў Ягоных — веданьне і разуменьне.
7Ён захоўвае цьвярозы розум правым, Ён — шчыт для тых, якія ходзяць беззаганна.
8Ён пільнуе сьцежкі правасудзьдзя, захоўвае шляхі багабойных Сваіх.
9Тады зразумееш праведнасьць, суд і справядлівасьць, і кожны шлях добры,
10калі ўвойдзе мудрасьць у сэрца тваё, і веданьне ўсьцешыць душу тваю.
11Разважлівасьць будзе пільнаваць цябе, і розум будзе захоўваць цябе,
12каб выратаваць цябе ад шляху ліхога і ад чалавека, які гаворыць хлусьліва,
13ад тых, якія пакідаюць шлях просты, каб хадзіць сьцежкамі цемры,
14якія цешацца, робячы злое, і радуюцца з ліхіх учынкаў,
15у якіх шляхі крывыя і якія блукаюцца на сьцежках сваіх,
16каб выратаваць цябе ад чужой жанчыны і ад чужаніцы, што гаворыць лісьліва,
17якая пакінула сябра маладосьці сваёй і забылася на запавет Бога свайго.
18Бо дом яе нахіліўся да сьмерці, і шлях ейны — да мёртвых;
19усе, хто да яе ўваходзяць, назад не вяртаюцца і не знаходзяць сьцежак жыцьця.
20Дык хадзі ж ты шляхам добрых і трымайся сьцежкі праведнікаў,
21бо правыя будуць жыць на зямлі, і беззаганныя застануцца на ёй.
22А бязбожныя будуць вынішчаны з зямлі, ліхадзеі будуць выкарэнены з яе.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath