ПРЫПОВЕСЬЦІ 28
1Бязбожнік бяжыць, хоць ніхто не перасьледуе яго, а праведнікі ўпэўненыя, як ільвы.
2Дзеля правінаў зямлі шмат у ёй начальнікаў, а праз чалавека, які ведае і разважае, яна даўгавечная.
3Чалавек бедны, які ўціскае ўбогіх, як залеўны дождж, [што пакідае] бяз хлеба.
4Хто адступаецца ад закону, той хваліць бязбожніка, а хто захоўвае закон, той паўстае супраць [ліхадзея].
5Ліхія людзі не разумеюць суду, а тыя, што шукаюць ГОСПАДА, разумеюць усё.
6Лепш бедны, які ходзіць у беззаганнасьці сваёй, чым той, які крывіць шляхі свае, дарма што багаты.
7Сын разумны захоўвае закон, а той, хто сябруе з абжорамі, сароміць бацьку свайго.
8Хто памнажае маёмасьць сваю адсоткам і ліхвай, той зьбірае яе для таго, хто літуецца над убогім.
9Хто адварочвае вуха сваё, каб ня чуць закону, таго малітва — брыдота.
10Хто схіляе правых на шлях зла, сам уваліцца ў яму сваю, а беззаганныя атрымаюць у спадчыну добрае.
11Мудры ў вачах сваіх чалавек багаты, але ўбогі, які мае розум, выспрабуе яго.
12Калі праведнікі перамагаюць — вялікая слава, а калі ўздымаюцца бязбожнікі, чалавек хаваецца.
13Той, хто хавае свае правіны, ня будзе мець посьпеху, а хто прызнаецца і пакідае іх, дазнае міласэрнасьці.
14Шчасьлівы чалавек, які мае трымценьне заўсёды, а хто робіць цьвёрдым сэрца сваё, трапіць у бяду.
15Леў рыклівы і мядзьведзь бадзяжны — [гэта] бязбожны пан над бедным народам.
16Правадыр, пазбаўлены розуму, робіць шмат крыўды, а хто ненавідзіць хцівасьць, прадоўжыць дні свае.
17Чалавек, абцяжараны крывёю душы [другога], будзе бегаць да магілы, і ніхто не падтрымае яго.
18Хто ходзіць беззаганна, будзе ўратаваны, а крывадушны на шляхах [сваіх] упадзе на адным [з іх].
19Хто абрабляе зямлю сваю, насыціцца хлебам, а хто гоніцца за марнасьцю, насыціцца беднасьцю.
20Чалавек верны мае шмат дабраславенстваў, а хто сьпяшаецца ўзбагацець, не пазьбегне пакараньня.
21Нядобра зважаць на аблічча, бо дзеля кавалку хлеба чалавек робіць беззаконьне.
22Сьпяшаецца да багацьця чалавек ліхога вока і ня ведае, што нястача прыйдзе на яго.
23Той, хто дакарае чалавека, знойдзе пасьля [большую] ласку, чым той, хто языком лісьлівіць.
24Хто абкрадае бацьку свайго і маці сваю і кажа: «Няма тут віны», той супольнік нішчыцелю.
25Душа надзьмутая ўзьнімае звадку, а хто спадзяецца на ГОСПАДА, будзе насычаны.
26Хто спадзяецца на сэрца сваё, той дурань, а хто ходзіць у мудрасьці, будзе збаўлены.
27Хто дае бедным, ня будзе мець нястачы, а хто хавае вочы свае, мецьме шмат праклёнаў.
28Калі бязбожнікі ўздымаюцца, людзі хаваюцца, а калі яны гінуць, памнажаюцца праведнікі.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath