ПРЫПОВЕСЬЦІ 27
1Не хваліся заўтрашнім днём, бо ня ведаеш, што гэты дзень народзіць.
2Няхай іншы хваліць цябе, а ня вусны твае, нехта чужы, а ня губы твае.
3Камень цяжкі і пясок важкі, але гнеў неразумнага цяжэйшы за іх абодвух.
4Гнеў нястрымны і ярасьць бязьлітасная, але хто ўстаіць перад рэўнасьцю?
5Лепш адкрытае дакараньне, чым схаваная любоў.
6Раны ад таго, хто любіць, [выказваюць] вернасьць [ягоную], а пацалункі ненавісьніка шматлікія.
7Душа насычаная топчацца па мёдзе, а душы галоднай усё горкае салодкае.
8Як птушка, што пакінула гняздо сваё, так чалавек, які пакідае месца сваё.
9Алей і кадзіла радуюць сэрца, а салодкасьць бліжняга — у парадзе ад душы.
10Не пакідай бліжняга твайго і бліжняга бацькі твайго, і ў дом брата твайго не хадзі ў дзень няшчасьця твайго, бо лепш сусед блізка, чым брат далёка.
11Будзь мудры, сыне мой, і ўзрадуй сэрца маё, каб мог я адказаць таму, хто зьневажае мяне.
12Разумны бачыць зло і хаваецца, а неразумныя ідуць і будуць пакараныя.
13Забяры адзеньне яго, бо ён паручыўся за чужога, і за чужынца вазьмі заклад ад яго.
14Таму, хто рана раніцаю гучным голасам дабраслаўляе бліжняга свайго, палічаць гэта за праклён.
15Няспыннае капаньне [праз дах] у дажджлівы дзень і сварлівая жонка — аднолькавыя.
16Хто [спрабуе] схаваць яе, хавае вецер і пахкі алей у правай руцэ сваёй, які выдае сябе.
17Жалеза жалезам вострыцца, а чалавек вострыць аблічча бліжняга свайго.
18Хто даглядае дрэва фігавае, будзе есьці плады яго, а хто пільнуецца гаспадара свайго, будзе ў пашане.
19Як у вадзе аблічча да аблічча, так сэрца чалавека — да чалавека.
20Адхлань і пекла ненасытныя, і вочы чалавека ненасытныя.
21Літавальны гаршчок для срэбра і горан для золата, а для чалавека — вусны, якія хваляць яго.
22Хоць будзеш таўчы неразумнага таўкачом паміж зерня ў ступе, дурнота ягоная не адыйдзе ад яго.
23Ведай добра авечак тваіх, зьвяртай сэрца тваё да статкаў тваіх,
24бо багацьце ня вечнае, і ці ж дыядэма [перадаецца] з пакаленьня ў пакаленьне?
25Вырастае трава, і зьяўляецца зеляніна, і зьбіраюць сена з гораў.
26Ягняты — на вопратку табе, і казлы — плата за поле.
27І досыць казінага малака на ежу табе, і на ежу дому твайму, і на жыцьцё для служак тваіх.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath