ПРЫПОВЕСЬЦІ 26
1Як сьнег улетку, а дождж у жніво, так дурню не пасуе слава.
2Як птушка пераляціць і як ластаўка паляціць, так праклён беспрычынны ня збудзецца.
3Пуга — для каня, аброць — для асла, а кій — на сьпіну дурня.
4Не адказвай дурню паводле дурасьці ягонай, каб ня стаўся ты падобным да яго.
5Адказвай дурню паводле дурасьці ягонай, каб ня стаўся ён мудрым у вачах сваіх.
6Падцінае сабе ногі і п’е шкоду сваю той, хто праз рукі дурня слова пасылае.
7Няроўныя ногі кульгавага, таксама прыказка ў вуснах дурня.
8Як прывязваць камень да вяроўкі, так аддаваць пашану дурню.
9Як калючка ў руцэ п’янага, так прыказка ў вуснах дурня.
10Вяльможны робіць усё: і дурня наймае, і мінака наймае.
11Як сабака вяртаецца да ванітаў сваіх, так дурань паўтарае дурасьць сваю.
12Ці бачыў ты чалавека, мудрага ў вачах сваіх? На дурня большая надзея, чым на такога.
13Гультай кажа: «Леў на шляху! Леў на плошчы!»
14Дзьверы варочаюцца на завесах сваіх, а гультай — на ложку сваім.
15Гультай хавае руку сваю ў місе, і яму цяжка падняць яе да вуснаў сваіх.
16Гультай мудрэйшы ў вачах сваіх за сямёх, што адказваюць з разуменьнем.
17Хапае сабаку за вушы той, хто мяшаецца ў чужую спрэчку.
18Як вар’ят, які кідае агонь, стрэлы і сьмерць,
19так чалавек, які падманвае бліжняга свайго і кажа: «Гэта я жартую».
20Калі няма дроваў, агонь гасьне, калі няма пляткара, звадка сьціхае.
21Вугаль — для жару, дровы — для агню, а чалавек сварлівы — для распальваньня спрэчкі.
22Словы пляткара — як прысмакі, яны зыходзяць у глыб нутра.
23Як гліна, паліваная срэбрам з жужалем, так гарачыя вусны і ліхое сэрца.
24Ненавісьнік прыкрываецца вуснамі сваімі, а ў нутры сваім рыхтуе ашуканства.
25Калі ён робіць лагодным голас свой, ня вер яму, бо сем брыдотаў у сэрцы ягоным.
26[Чыя] нянавісьць прыхоўваецца ашуканствам, таго ліхота выявіцца перад грамадою.
27Хто капае яму, той уваліцца ў яе, і хто пакоціць камень, на таго ён вернецца.
28Брахлівы язык ненавідзіць пакрыўджаных ім, і вусны лісьлівыя вядуць да загубы.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath