Хрысціянства
назад

ПРЫПОВЕСЬЦІ 21

1Сэрца валадара ў руцэ ГОСПАДА, як ручаі водаў; Ён скіроўвае яго, куды хоча.

2Усе шляхі чалавека слушныя ў вачах ягоных, але ГОСПАД узважвае сэрцы.

3Праведнасьць і суд даспадобы ГОСПАДУ больш, чым ахвяра.

4Узьнесеныя вочы і надзьмутае сэрца — ніва бязбожнікаў, [і гэта] грэх.

5Думкі руплівага [прыносяць] прыбытак, а кожны нецярплівы [будзе мець] нястачу.

6Зьбіраньне скарбаў языком падманлівым — пара, што зьнікае, і шуканьне сьмерці.

7Злачыннасьць бязбожнікаў зьвернецца на іх, бо яны грэбуюць чыніць суд [справядлівы].

8Крывы шлях чалавека нягоднага, а справы чыстага — простыя.

9Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме.

10Душа бязбожніка жадае зла, ня знойдзе [ласкі] ў вачах ягоных бліжні яго.

11Калі караюць насьмешніка, неразумны стаецца мудрэйшым, і калі мудрага вучаць, ён здабывае веданьне.

12Разважае праведнік пра дом бязбожніка, як гінуць бязбожнікі ў ліхоцьці сваім.

13Хто вушы свае затыкае на крык убогага, той сам будзе клікаць, але ня будзе адказу.

14Падарунак таемны тушыць гнеў, а гасьцінец у заўлоньне [спыняе] вялікую ярасьць.

15Правасудзьдзе — радасьць для праведніка і загуба для злачынцаў.

16Чалавек, які зьбіваецца са шляху розуму, супачыне ў грамадзе памёршых.

17Хто любіць весяліцца, будзе ў нястачы, а хто любіць віно і алей, ня будзе багатым.

18Выкупам за праведніка [будзе] бязбожнік, а [выкупам] за правага — ліхадзей.

19Лепш жыць у зямлі пустыннай, чым з жонкай гняўлівай і сварлівай.

20Прывабныя скарбы і алей у жытле мудрага, а бязглузды чалавек змарнуе іх.

21Хто імкнецца да праведнасьці і міласэрнасьці, знойдзе жыцьцё, праведнасьць і славу.

22Мудры ўвойдзе ў горад магутных і зрыне моц, у якой яны мелі пэўнасьць.

23Хто захоўвае вусны свае і язык свой, захоўвае душу сваю ад бедаў.

24Свавольны і дзёрзкі, называны блюзьнерам, робіць усё ў шале нахабства.

25Жаданьне гультая заб’е яго, бо рукі ягоныя адмаўляюцца працаваць.

26Кожны дзень ён жадае і прагне, а праведнік дае і не шкадуе.

27Ахвяра бязбожнікаў — брыдота, тым больш [брыдотныя] тыя, якія складаюць яе з падступнасьцю.

28Сьведка хлусьлівы згіне, а чалавек, які слухае, будзе гаварыць заўсёды.

29Чалавек бязбожны ўпарты абліччам сваім, а правы разумее шлях свой.

30Няма мудрасьці, і няма розуму, і няма рады насуперак ГОСПАДУ.

31Каня рыхтуюць на дзень бітвы, але перамога — ад ГОСПАДА.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath