Хрысціянства
назад

ПРЫПОВЕСЬЦІ 20

1Віно зьдзеклівае, сікера галасьлівая, і кожны, хто блукае з імі, ня мае мудрасьці.

2Ярасьць валадара — як рыканьне ільва, хто выклікае яе, грашыць супраць душы сваёй.

3Слава для чалавека — пакінуць спрэчку, а ўсе неразумныя задзірлівыя.

4Гультай ня хоча араць, бо холадна, таму будзе прасіць у час жніва, і [не атрымае] нічога.

5Намеры ў сэрцы чалавека — глыбокія воды, але разумны чалавек вычэрпвае іх.

6Багата людзей абвяшчае пра міласэрнасьць сваю, але праўдамоўнага чалавека хто можа знайсьці?

7Праведнік ходзіць у беззаганнасьці сваёй, шчасьлівыя сыны ягоныя пасьля яго.

8Валадар, які сядзіць на судовым пасадзе, раскідвае вачыма сваімі ўсякую ліхоту.

9Хто можа сказаць: «Я ачысьціў сэрца маё, я чысты ад грэху майго»?

10Неаднолькавыя вагі і неаднолькавая эфа, адно і другое — агіда для ГОСПАДА.

11Нават у юнака па паводзінах можна зразумець, ці чыстыя, ці правыя справы ягоныя.

12Вуха, якое чуе, і вока, якое бачыць, — ГОСПАД зрабіў і адно, і другое.

13Не любі спаць, каб табе не зьбяднець, адкрый вочы свае, і насыцішся хлебам.

14«Дрэннае, дрэннае», — кажа пакупнік, а калі адый­дзецца, тады хваліцца.

15Ёсьць золата і мноства пэрлінаў, але найкаштоўнейшая рэч — вусны разумныя.

16Забяры адзеньне яго, бо ён паручыўся за чужога, і за чужынца вазьмі заклад ад яго.

17Салодкі чалавеку хлеб ашуканства, але потым пяском напоўняцца вусны ягоныя.

18Думкі ўмацоўваюцца парадамі, і з разважлівасьцю вядзі вайну.

19Хто ходзіць абмоўнікам, той выяўляе таямніцы, дык ня зьвязвайся з тым, хто рот свой разьзяўляе.

20Хто кляне бацьку свайго і маці сваю, у таго сьветач патухне сярод глыбокай цемры.

21Спадчына, на пачатку пасьпешліва здабытая, ня бу­дзе пры канцы дабраслаўлёная.

22Не кажы: «Я адплачу за зло», спадзявайся на ГОСПАДА, і Ён выбавіць цябе.

23Агіда для ГОСПАДА — неаднолькавыя вагі, і шалі падманлівыя — ня добра.

24Ад ГОСПАДА крокі чалавека, і як жа чалавеку зразумець шлях свой?

25Пастка для чалавека — пасьпешліва зрабіць шлюбаваньне, а пасьля абяцаньня разважаць.

26Мудры валадар раскідае бязбожнікаў і зьверне на іх кола [малатарнае].

27Сьветач ГОСПАДАЎ — дух чалавечы, ён дасьледуе ўсе сховы нутра.

28Міласэрнасьць і праўда ахоўваюць валадара, і міласэрнасьцю ўмацоўваецца пасад ягоны.

29Слава юнакоў — сіла іхняя, а веліч старых — сівізна.

30Вытні і раны — лекавальная масьць, [якая пазбаўляе] ад ліхоты, і ўдары [ачышчаюць] глыбіню нутра.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath