ПРЫПОВЕСЬЦІ 1
1Прыповесьці Салямона, сына Давіда, валадара Ізраіля,
2каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець словы розуму,
3каб атрымаць настаўленьні ў разважлівасьці, праведнасьці, судзе і справядлівасьці,
4каб неразумным даць разумнасьць, юнаку — веды і разважлівасьць.
5Мудры няхай слухае і павялічвае веды, а разумны няхай прыдбае мудрыя думкі,
6каб зразумець выслоўе і прыповесьць, словы мудрых і загадкі іхнія.
7Страх перад ГОСПАДАМ — пачатак веданьня. Неразумныя пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем.
8Сыне мой, паслухай перасьцярогаў бацькі твайго і не адкідай настаўленьняў маці тваёй,
9бо яны — прывабны вянок на галаве тваёй і каштоўныя каралі на шыі тваёй.
10Сыне мой, калі б цябе намаўлялі грэшнікі, не далучайся да іх.
11Калі яны скажуць: «Хадзем з намі! Зробім засаду дзеля праліцьця крыві; наставім без прычыны пастку на нявіннага;
12праглынем іх жыўцом, як пекла, і цалкам, як тых, што зыходзяць у магілу;
13знойдзем усялякія каштоўнасьці, напоўнім дамы свае здабычаю.
14Жэрабя сваё кідай разам з намі, няхай адзін мех будзе для нас усіх».
15Сыне мой, не хадзі з імі, устрымай нагу тваю ад сьцежкі іхняй,
16бо ногі іхнія бягуць да злачынства і сьпяшаюцца на праліцьцё крыві.
17Бо надарэмна настаўляецца сетка на вачах усяго птаства.
18А яны цікуюць на ўласную кроў, робяць засаду супраць душы сваёй.
19Такія вось сьцежкі кожнага, хто прагне чужога даброцьця; яно забірае душу таго, хто завалодае ім.
20Мудрасьць гукае на вуліцах, на плошчах узьнімае голас свой,
21на скрыжаваньнях шумлівых дарог кліча, у брамах гарадзкіх гучаць яе словы:
22«Дакуль, неразумныя, будзеце любіць неразумнасьць; дакуль, насьмешнікі, будзеце захапляцца насьмешкамі сваімі, а невукі — пагарджаць веданьнем?
23Зьвярніцеся да настаўленьня майго, і я выльлю на вас духа майго, і абвяшчу вам словы мае.
24Вось жа я клікала, але вы адмаўляліся, працягвала руку сваю, але ніхто не зьвярнуў увагі.
25Вы ўзгардзілі радай маёю і адкінулі дакараньні мае.
26Дык і я буду сьмяяцца з падзеньня вашага, і насьміхацца буду, калі прыйдзе на вас жах.
27Калі нахлыне жах, як бура, і загуба ваша, быццам віхура, калі прыйдуць на вас трывога і гора,
28тады будуць клікаць мяне, але я не адкажу, будуць шукаць мяне, і ня знойдуць мяне.
29Бо яны зьненавідзелі веданьне і ня выбралі для сябе страху перад ГОСПАДАМ,
30і не пайшлі за парадамі маімі, і ўзгардзілі перасьцярогамі маімі.
31Дык няхай ядуць яны плады шляху свайго і насыцяцца намерамі сваімі.
32Бо адступніцтва неразумных заб’е іх, бяздумнасьць дурняў загубіць іх.
33А хто слухае мяне, будзе жыць бясьпечна, будзе спакойны, не баючыся зла».
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath