ПРЫПОВЕСЬЦІ 17
1Лепш сухая луста ў супакоі, чым дом, поўны заколатай жывёлы, са сваркамі.
2Разумны слуга будзе панаваць над шалапутным сынам і між братоў будзе дзяліць спадчыну.
3Літавальны гаршчок — для срэбра, і горан — для золата, а сэрцы выпрабоўвае ГОСПАД.
4Ліхотнік зважае на вусны нягодныя, хлус слухае язык згубны.
5Хто насьміхаецца з беднага, той зьневажае Творцу ягонага, і хто цешыцца з няшчасьця, не пазьбегне пакараньня.
6Карона старых — сыны сыноў, і слава сыноў — бацькі іхнія.
7Не пасуе бязглуздаму паважная мова, тым больш шляхетнаму вусны брахлівыя.
8Хабар — каштоўны камень у вачах гаспадара яго, куды толькі зьвернецца ён, будзе мець посьпех.
9Хто прыкрывае правіну, шукае любові, а хто паўтарае слова, разьдзяляе сяброў.
10Мацней дзейнічае нагана на разумнага, чым сто ўдараў на дурнога.
11Ліхадзей шукае толькі непаслухмянства, таму бязьлітасны анёл будзе пасланы супраць яго.
12[Лепш] спаткаць мядзьведзіцу, пазбаўленую дзяцей, чым дурня ў неразумнасьці ягонай.
13Хто адплочвае злом за дабро, у таго зло не адыйдзе ад дому ягонага.
14Пачатак звадкі — прарыў вады, перш, чым спрэчка пачнецца, пакінь [яе].
15Той, хто апраўдвае злачынцу, і той, хто вінаваціць праведніка, — абодва агіда для ГОСПАДА.
16Навошта грошы ў руцэ дурнога, каб набыць мудрасьці, калі няма розуму?
17Сябра любіць у кожны час, і ў нядолі робіцца братам.
18Чалавек, пазбаўлены розуму, дае руку і ручаецца перад абліччам бліжняга свайго.
19Хто любіць сваркі, любіць грэх, і хто падымае высока вароты свае, шукае загубы.
20Крывадушнае сэрца ня знойдзе дабра, і язык здрадлівы трапіць у бяду.
21Хто нараджае неразумнага, [нараджае] на смутак сабе, і бацька бязглуздага ня будзе цешыцца.
22Радаснае сэрца аздараўляе, [нібы] лекі, а маркотны дух сушыць косткі.
23Бязбожнік бярэ хабар з-за пазухі, каб скрывіць сьцежкі правасудзьдзя.
24Перад абліччам разумнага — мудрасьць, а вочы дурня — на канцы зямлі.
25Сын неразумны — згрызота для бацькі свайго і горыч для той, якая яго нарадзіла.
26Таксама нядобра караць праведніка і біць шляхетнага за шчырасьць.
27Хто мае веданьне, той у словах ашчадны, і чалавек разумны мае спакойны дух.
28Таксама неразумны, калі маўчыць, лічыцца мудрым, і калі закрывае вусны свае, разважлівым.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath