Хрысціянства
назад

ПРЫПОВЕСЬЦІ 16

1Да чалавека [належыць] меркаваньне сэрца, але ад ГОСПАДА адказ языка.

2Усе шляхі чалавека чыстыя ў вачах ягоных, але ГОСПАД узважвае душы.

3Ускладзі на ГОСПАДА ўсе справы свае, і ўсе намеры твае зьдзейсьняцца.

4Усё зрабіў ГОСПАД дзеля Сябе, і нават бязбожніка на дзень ліхі.

5Агіда для ГОСПАДА кожны пыхлівы сэрцам, можна паручыцца, ён не застанецца непакараным.

6Міласэрнасьцю і праўдай адкупляецца беззаконьне, і страх перад ГОСПАДАМ адводзіць ад зла.

7Калі ГОСПАДУ даспадобы шляхі чалавека, Ён нават ворагаў ягоных пагодзіць з ім.

8Лепш малое ў праведнасьці, чым багатыя прыбыткі ў беззаконьні.

9Сэрца чалавека абдумвае шлях свой, але ГОСПАД накіроўвае крокі ягоныя.

10Калі слова натхнёнае ў вуснах валадара, у судзе ня будзе падступным язык ягоны.

11Вага і шалі справядлівыя — ад ГОСПАДА, і ўсе камяні ваговыя ў торбе — справа Ягоная.

12Агіда для валадара — учынкі бязбожныя, бо пасад умацоўваецца праведнасьцю.

13Падабаюцца валадару вусны праведныя, і таго, хто гаворыць праўдзіва, ён любіць.

14Гнеў валадара — весьнік сьмерці, але мудры чалавек улагодзіць яго.

15У сьвятле аблічча валадара — жыцьцё, і зычлівасьць ягоная — як воблака з позьнім дажджом.

16Нашмат лепш прыдбаць мудрасьць, чым золата, і лепей прыдбаць розум, чым срэбра.

17Шырокая дарога правых — адвярнуцца ад зла; хто пільнуе шлях свой, той захоўвае душу сваю.

18Перад загубай ідзе пыхлівасьць, і перад падзеньнем — дух ганарысты.

19Лепш скарацца духам з пакорнымі, чым дзяліць здабычу з пыхліўцамі.

20Разважлівы ў слове знойдзе добрае, і той, хто спадзяецца на ГОСПАДА, — шчасьлівы.

21Мудрага сэрцам называюць разумным, і слодыч вуснаў павялічвае веды.

22Розум — крыніца жыцьця для тых, хто мае яго, але настаўленьне неразумных — глупства.

23Сэрца мудрага робіць разважлівымі вусны ягоныя і мове ягонай дадае ведаў.

24Прыемныя словы — сотавы мёд, асалода для душы і лекі для цела.

25Ёсьць шлях, які [падаецца] слушным перад абліччам чалавека, але ў канцы ягоным — шлях сьмерці.

26Работнік цяжка працуе для сябе, бо рот ягоны прымушае яго.

27Чалавек нягодны ліхоцьце рыхтуе, і ў вуснах ягоных нібы агонь палючы.

28Чалавек падступны сее звадкі, і пляткар разьдзяляе сяброў.

29Чалавек злачынны зводзіць бліжняга свайго і вядзе яго на шлях нядобры,

30прыплюшчвае вочы свае, каб прыдумляць подступ, крывіць губы свае, робячы ліха.

31Сівізна — слаўная карона, на шляху праведнасьці знаходзяць яе.

32Лепш павольны на гнеў, чым магутны, і той, які пануе над духам сваім, чым заваёўнік гораду.

33Жэрабя кідаюць у заўлоньне, але ад ГОСПАДА ўсе суды яго.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath