ПРЫПОВЕСЬЦІ 15
1Лагодны адказ адхіляе ярасьць, а слова абразьлівае выклікае гнеў.
2Язык мудрых прыносіць веды, а вусны неразумных выказваюць глупства.
3Вочы ГОСПАДА на кожным месцы, яны бачаць добрых і ліхіх.
4Здаровы язык — дрэва жыцьця, а зласьлівы — заламаньне духа.
5Неразумны грэбуе настаўленьнем бацькі, а хто зважае на дакараньні — разумнее.
6У доме праведніка шмат багацьця, а ў набытках бязбожніка — замяшаньне.
7Вусны мудрых сеюць веды, а сэрца бязглуздых не такое.
8Ахвяра бязбожнікаў — агіда для ГОСПАДА, а малітвы правых Яму даспадобы.
9Агіда для ГОСПАДА — шлях бязбожніка, а таго, хто імкнецца да праведнасьці, Ён любіць.
10Таму, хто ўхіляецца з дарогі, — строгая кара, і той, хто дакараньне ненавідзіць, — памрэ.
11Адхлань і пекла перад [вачыма] ГОСПАДА, а тым больш сэрцы сыноў чалавечых.
12Насьмешнік ня любіць таго, хто яго дакарае, і да мудрых ня пойдзе.
13Радаснае сэрца робіць аблічча вясёлым, а калі сэрца сумуе — дух разьбіты.
14Сэрца разумнае шукае веданьня, а вусны неразумных жывяцца дурнотаю.
15Усе дні прыгнечанага ліхія, а ў каго добра на сэрцы, у таго заўсёды бяседа.
16Лепш малое ў страху перад ГОСПАДАМ, чым вялікія скарбы, а з імі трывога.
17Лепш крыху гародніны з любоўю, чым тлусты вол з нянавісьцю.
18Чалавек гняўлівы выклікае звадкі, а няскоры да гневу супакойвае спрэчку.
19Шлях гультая як жываплот з церня, а сьцежка правых — гладкая.
20Мудры сын — радасьць для бацькі, а дурны чалавек пагарджае маці сваёй.
21Дурасьць — радасьць для невука, а чалавек разумны ідзе простай дарогай.
22Бяз рады руйнуюцца намеры, а з мноствам дарадцаў яны зьдзяйсьняюцца.
23Радуецца чалавек з адказу вуснаў сваіх, і якое добрае слова адпаведнае.
24Сьцежка жыцьця ў разважлівага [вядзе] ўгару, каб пазьбегнуць адхлані, якая ў доле.
25ГОСПАД развальвае дом пыхліўцаў, а мяжу ўдавы Ён вызначае.
26Агіда для ГОСПАДА — думкі бязбожных, а прамовы чыстыя прыемныя [Яму].
27Нішчыць свой дом сквапны да зыску, а хто ненавідзіць падарункі, будзе жыць.
28Сэрца праведніка разважае пра адказ, а вусны бязбожнікаў вымаўляюць ліхоту.
29ГОСПАД далёка ад бязбожнікаў, але малітвы праведных Ён чуе.
30Сьвятло вачэй радуе сэрца, і добрая вестка ўмацоўвае косткі.
31Вуха, якое слухае дакараньні жыцьця, будзе жыць сярод мудрых.
32Хто адкідае настаўленьне, грэбуе душою сваёю, а хто слухае дакараньні, здабывае розум.
33Страх перад ГОСПАДАМ навучае мудрасьці, і ўпакораньне папераджае славу.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath