ПРЫПОВЕСЬЦІ 13
1Мудры сын [слухае] настаўленьне бацькі, а насьмешнік ня слухае дакараньня.
2З плоду вуснаў сваіх чалавек будзе жывіцца дабром, а душа ліхадзеяў — гвалтам.
3Хто захоўвае вусны свае, захоўвае душу сваю, а хто шырока адкрывае рот свой, будзе мець зьнішчэньне.
4Душа гультая жадае і ня мае нічога, а душа руплівага будзе насычаная.
5Праведнік ненавідзіць слова хлусьлівае, а бязбожнік ганьбіць і зьневажае [сябе].
6Праведнасьць захоўвае таго, хто беззаганны ў шляху [сваім], а бязбожнасьць губіць грэшніка.
7Адзін выдае сябе за багатага, нічога ня маючы, іншы выдае сябе за беднага, маючы шмат багацьця.
8Выкуп душы чалавека — багацьце ягонае, а бедны пагрозы ня чуе.
9Сьвятло праведных радасна зьзяе, а сьветач бязбожнікаў стухне.
10Пыхлівасьць толькі да звадкі прыводзіць, а ў тых, што парады прыймаюць, — мудрасьць.
11Багацьце, [здабытае] марным чынам, змалее, а хто зьбірае яго рукою сваёю, — памнажае яго.
12Спадзяваньне, якое доўжыцца, — боль сэрца, а зьдзейсьненае жаданьне — дрэва жыцьця.
13Хто пагарджае Словам, той будзе зьнішчаны, а хто баіцца прыказаньняў, атрымае ўзнагароду.
14Закон мудрага — крыніца жыцьця, каб пазьбегнуць пастак сьмерці.
15Добры розум дае зычлівасьць, а шлях ліхадзеяў цяжкі.
16Кожны разумны дзейнічае з веданьнем, а дурны выяўляе неразумнасьць.
17Бязбожны пасланец трапляе ў бяду, а верны пасол [прыносіць] аздараўленьне.
18Галеча і ганьба таму, хто адкідае настаўленьне, а той, хто прыймае дакараньні, будзе ў пашане.
19Споўненае жаданьне — асалода для душы, але адвярнуцца ад зла — агіда для дурня.
20Хто ходзіць з мудрым, будзе мудрым, а хто сябруе з дурнем, загалосіць.
21Ліха гоніцца за грэшнікамі, а праведным будзе аднагароджана дабром.
22Добры пакідае спадчыну і ўнукам, а багацьце грэшнікаў захоўваецца для праведных.
23Многа хлеба і на ніве бедных, але некаторыя гінуць, бо няма суду.
24Хто шкадуе дубца свайго, той ненавідзіць сына свайго, а хто любіць яго, той з маленства настаўляе яго.
25Праведнік есьць і насычае душу сваю, а нутро бязбожнікаў будзе ў нястачы.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath