ПРЫПОВЕСЬЦІ 12
1Хто любіць настаўленьне, любіць веданьне, а хто ненавідзіць дакараньне, той дурань.
2Добры знойдзе ласку ў ГОСПАДА, але чалавека зламыснага Ён асудзіць.
3Ня будзе стаяць чалавек бязбожнасьцю, а корань праведных не захістаецца.
4Дабрадзейная жонка — карона для мужа свайго, а бессаромная — як гніль у костках ягоных.
5Думкі праведных слушныя, намеры бязбожнікаў падступныя.
6Словы бязбожнікаў цікуюць на кроў, але вусны правых ратуюць іх.
7Паваленыя бязбожнікі, і няма іх, а дом праведных будзе стаяць.
8Хваляць чалавека паводле розуму ягонага, але той, хто мае ліхое сэрца, будзе пагарджаны.
9Лепей быць простым і працаваць на сябе, чым выдаваць сябе за паважнага і ня мець хлеба.
10Праведнік рупіцца пра жыцьцё быдла свайго, а нутро бязбожных бязьлітаснае.
11Хто абрабляе зямлю сваю, той насыціцца хлебам, а хто ганяецца за марнасьцю, той ня мае розуму.
12Бязбожнік жадае [злавіць у] пасткі ліхоцьця, а корань праведных прыносіць [плод].
13Ліхадзей заблытаецца праз правіны вуснаў сваіх, а праведнік выйдзе з бяды.
14З плоду вуснаў сваіх чалавек насыціцца дабром, і праца рук чалавека зьвернецца да яго.
15Шлях неразумнага слушны ў вачах ягоных, але мудры той, хто слухае параду.
16Гнеў неразумнага выяўляецца адразу, а разумны хавае зьнявагу.
17Хто дыхае праўдаю, той выкажацца праведна, а сьведка фальшывы хлусіць.
18Ёсьць такі, што лапоча і раніць, як мечам, а язык мудрага лечыць.
19Вусны праўдамоўныя трываць будуць вечна, а язык хлусьлівы — імгненьне.
20Ашуканства ў сэрцы тых, якія задумляюць ліхоту, а ў тых, якія радзяць мір, — радасьць.
21Не спаткае праведніка нічога благога, а ў бязбожніка будзе поўна няшчасьцяў.
22Агіда для ГОСПАДА вусны хлусьлівыя, а тыя, што дзейнічаюць сумленна, падабаюцца Яму.
23Чалавек разумны прыхоўвае веданьне, а сэрца дурняў абвяшчае глупства.
24Рука руплівых будзе мець уладу, а нядбайныя будуць даньнікамі.
25Смутак у сэрцы чалавека прыгнятае яго, а добрае слова разьвяселіць яго.
26Праведнік мае перавагу над бліжнім сваім, а шлях бязбожнікаў зводзіць іх саміх.
27Гультай не сьпячэ ўпаляванага, а маёмасьць чалавека руплівага каштоўная.
28На сьцежцы праведнасьці — жыцьцё, і на шляху яе няма сьмерці.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath