ПРЫПОВЕСЬЦІ 11
1Агіда для ГОСПАДА — шалі падманлівыя, а вагі дакладныя даспадобы Яму.
2Прыходзіць пыхлівасьць, прыходзіць і ганьба, а ў пакорлівых — мудрасьць.
3Беззаганнасьць правых вядзе іх, а крывадушнасьць здрадлівых загубіць іх.
4Не дапаможа багацьце ў дзень гневу, а праведнасьць ратуе ад сьмерці.
5Праведнасьць беззаганнага раўняе шлях ягоны, а бязбожнік падае праз бязбожнасьць сваю.
6Праведнасьць правых ратуе іх, а ліхадзеі будуць злоўленыя злачынствам сваім.
7Калі памірае чалавек бязбожны, гіне надзея [яго], і спадзяваньне злачынцаў прападае.
8Праведнік ратуецца ад бяды, а бязбожнік прыходзіць на месца яго.
9Крывадушнік вуснамі забівае бліжняга свайго, а праведнік ратуецца праз веданьне.
10Калі добра ідзе праведным, радуецца горад, і калі гінуць бязбожнікі, [горад] сьвяткуе.
11Дабраславенствам правых узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца.
12Той, хто пазбаўлены розуму, пагарджае бліжнім сваім, а чалавек разумны захоўвае мір.
13Хто ходзіць з абмовамі, адкрывае таямніцу, а той, хто верны духам, захоўвае слова.
14Дзе няма добрай рады, народ прападае, а пры мностве дарадцаў — выратаваньне.
15Шкодзіць сабе той, хто паручаецца за чужога, а хто ненавідзіць даваць руку, той бясьпечны.
16Дабрадзейная жанчына здабывае славу, і моцныя здабываюць багацьце.
17Чалавек міласэрны робіць дабро душы сваёй, а бязьлітасны нішчыць цела сваё.
18Падманлівы набытак здабудзе бязбожнік, а таму, хто сее праведнасьць, будзе пэўная нагарода.
19Праведнасьць [вядзе] да жыцьця, а хто імкнецца да зла, [імкнецца] да сьмерці.
20Агіда для ГОСПАДА крывадушныя сэрцам, але тыя, хто ходзяць беззаганна, даспадобы Яму.
21Можна паручыцца, зло не пазьбегне пакараньня, а насеньне праведных будзе збаўленае.
22Як залатое колца ў лычы сьвіньні, так прыгожая жанчына, але бяз розуму.
23Прагненьне праведнікаў — толькі дабро, а чаканьне бязбожнікаў — гнеў.
24Адзін сыпе [шчодра], і дадаецца яму, а другі лішне ашчадны, і бяднее.
25Дабрадзейная душа будзе насычана, і хто поіць [другіх], сам напоены будзе.
26Хто затрымлівае збожжа, таго праклінае народ, але дабраславенства на галаве таго, хто продае.
27Хто імкнецца да дабра, той шукае зычлівасьці, а хто шукае зла, да таго яно прыйдзе.
28Хто спадзяецца на багацьце сваё, упадзе, а праведнікі, як лісьце, зелянеюць.
29Хто руйнуе дом свой, атрымае ў спадчыну вецер, і неразумны будзе слугою мудрага сэрцам.
30Плод праведнага — дрэва жыцьця, і мудры здабывае душы.
31Вось, праведнік будзе мець адплату на зямлі, пагатоў бязбожнік і грэшнік.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath