Хрысціянства
назад

ПРЫПОВЕСЬЦІ 10

1Прыповесьці Салямона. Мудры сын — радасьць для бацькі, а дурны сын — смутак для маці.

2Не прыносяць карысьці скарбы бязбожныя, а праведнасьць ратуе ад сьмерці.

3Не дазволіць ГОСПАД галадаваць душы праведніка, але адкіне жаданьні бязбожнікаў.

4Лянівая рука робіць бедным, а рука працавітая ўзбагачае.

5Хто летам зьбірае, той сын разважлівы, а хто сьпіць у жніво — сын ганебны.

6Дабраславенствы — на галаве праведнага, а вусны бязбожнікаў хаваюць няправасьць.

7Памяць пра праведніка дабраслаўлёная, а імя бязбожнікаў спарахнее.

8Мудры сэрцам прыймае прыказаньні, а той, хто мае вусны неразумныя, упадзе.

9Хто ходзіць беззаганна, той ходзіць бясьпечна, а хто крывіць шляхі свае, будзе выяўлены.

10Хто міргае вачыма, той робіць прыкрасьць, і той, хто мае вусны неразумныя, упадзе.

11Вусны праведніка — крыніца жыцьця, а вусны бязбожнікаў хаваюць няправасьць.

12Нянавісьць выклікае сваркі, а любоў пакрывае ўсе правіны.

13У вуснах разумнага знаходзіцца мудрасьць, а кій — на сьпіне бязглуздага.

14Мудрыя захоўваюць веданьне, а вусны неразумнага вядуць да загубы.

15Маёмасьць багатага — умацаваны горад для яго, загуба для бедных — галеча іхняя.

16Праца праведніка вядзе да жыцьця, набытак бязбожніка — да грэху.

17На сьцежцы жыцьця той, хто прыймае настаўленьне, а хто адкідае дакараньне — блукае.

18Хто хавае нянавісьць, у таго вусны хлусьлівыя, а хто паклёп разносіць, той дурань.

19У мностве словаў не пазьбегнеш грэху, а хто стрымлівае вусны свае, той разважлівы.

20Язык праведніка — адборнае срэбра, а сэрца бязбожніка нічога ня вартае.

21Вусны праведнага пасьвяць многіх, а бязглуздыя паміраюць ад нястачы розуму.

22Дабраславенства ад ГОСПАДА, яно ўзбагачае, і смутку з сабою не прыносіць.

23Радасьць для дурня — учынкі ганебныя, а чалавек разумны [радуецца] мудрасьці.

24Тое, чаго баіцца бязбожнік, прыйдзе на яго, а прагненьні праведных споўняцца.

25Калі пранясецца віхура, ня будзе больш бязбожніка, а праведнік мае вечны падмурак.

26Як воцат для зубоў і як дым для вачэй, так гультай для тых, што яго пасылаюць.

27Страх перад ГОСПАДАМ памнажае дні, а гады бязбожнікаў скароцяцца.

28Чаканьне праведнікаў — радасьць, а спадзяваньне бязбожнікаў загіне.

29Шлях ГОСПАДАЎ — апора для беззаганных і загуба для злачынцаў.

30Праведнік не пахісьнецца навекі, а бязбожнікі ня будуць жыць на зямлі.

31Вусны праведніка памнажаюць мудрасьць, а язык падступны будзе адсечаны.

32Вусны праведніка ведаюць, што даспадобы [Богу], а ў вуснах бязбожнікаў — падступнасьць.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath