ФІЛІПЯНАЎ 4
1Так што, браты мае ўлюбёныя і пажаданыя, радасьць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, улюбёныя.
2Эўводзію прашу і Сынтыхею прашу думаць гэтаксама ў Госпадзе.
3Прашу і цябе, шчыры памочніку, дапамагай тым, якія змагаліся дзеля Эвангельля разам са мною, і з Клемэнтам, і з іншымі супрацоўнікамі маімі, імёны якіх у кнізе жыцьця.
4Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе. Ізноў кажу: радуйцеся.
5Спагаднасьць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям. Госпад блізка!
6Не турбуйцеся ні пра што, але ў-ва ўсякай малітве і просьбе з падзякай няхай адкрываюцца жаданьні вашыя перад Богам,
7і супакой Божы, які вышэй за ўсякі розум, няхай захавае сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысьце Ісусе.
8Нарэшце, браты, што ёсьць праўдзівае, што сумленнае, што справядлівае, што чыстае, што вартае любові, што добрай славы, калі ёсьць якая цнота і якая пахвала, — пра тое думайце.
9І чаго вы навучыліся, і што прынялі, і чулі, і бачылі ў-ва мне, тое рабіце, і Бог супакою будзе з вамі.
10Я вельмі ўзрадаваўся ў Госпадзе, што вы ўжо зноў ажывіліся, каб думаць пра мяне, як і раней думалі, ды ня мелі нагоды.
11Ня дзеля таго, што я ў нястачы, кажу, бо я навучыўся быць задаволеным тым, што ў мяне ёсьць.
12Ведаю, як у паніжэньні быць, і ведаю, як у дастатку; навучыўся ўсяго і ў-ва ўсім: і насычацца, і галадаваць, мець і дастатак, і нястачу.
13Усё магу ў Хрысьце, Які ўмацоўвае мяне.
14Па-за гэтым, вы добра зрабілі, што ўдзельнічалі ў маім прыгнёце.
15Вы ж ведаеце, Філіпяне, што на пачатку [абвяшчэньня] Эвангельля, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная царква не далучылася да мяне праз дораньне і прыняцьцё, акрамя вас адных.
16Вы і ў Тэсалоніку і раз, і два пасылалі паводле патрэбы маёй.
17Ня тое, каб я шукаў дару, але шукаю плоду, які памнажаецца на вашу карысьць.
18Я маю ўсё і маю дастатак; я напоўнены, атрымаўшы ад Эпафрадыта тое, што ад вас, водар салодкі, ахвяру прыемную, якая падабаецца Богу.
19А Бог мой няхай напоўніць усякую патрэбу вашую паводле багацьця Свайго ў славе, у Хрысьце Ісусе.
20Богу ж і Айцу нашаму слава на вякі вякоў. Амэн.
21Прывітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце Ісусе. Вітаюць вас браты, што са мною.
22Вітаюць вас усе сьвятыя, а найбольш тыя, што з дому цэзара.
23Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath