ФІЛІМОНА 1
1Павал, вязень Ісуса Хрыста, і Цімафей, брат, — Філімону, улюбёнаму і супрацоўніку нашаму,
2і ўлюбёнай Апфіі, і Архіпу, таварышу нашаму ў барацьбе, і хатняй царкве тваёй:
3ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
4Дзякую Богу майму, заўсёды ўзгадваючы пра цябе ў малітвах маіх,
5чуючы пра любоў тваю і веру, якую маеш да Госпада Ісуса і да ўсіх сьвятых,
6каб супольнасьць веры тваёй была дзейснай у пазнаньні ўсякага дабра, якое ў вас у Хрысьце Ісусе.
7Бо вялікую маем ласку і пацяшэньне ў любові тваёй, бо праз цябе, браце, супачылі ўнутранасьці сьвятых.
8Дзеля гэтага, маючы вялікую ў Хрысьце адвагу загадваць табе, што прыстойна [рабіць],
9лепш праз любоў прашу я, ня хто іншы, як Павал, староста, а цяпер і вязень Ісуса Хрыста.
10Прашу цябе адносна дзіцяці майго Анісіма, якога я нарадзіў у путах маіх,
11што быў некалі некарысны для цябе, а цяпер патрэбны табе і мне.
12Яго я паслаў, а ты яго, як мае ўнутранасьці, прыймі.
13Хацеў я яго пры сабе трымаць, каб ён замест цябе паслужыў мне ў путах за Эвангельле,
14але без твае згоды нічога не хацеў зрабіць, каб дабро тваё не з прынукі было, а з добрае волі.
15Бо можа ён дзеля таго на гадзіну адыйшоў, каб ты атрымаў яго назаўсёды,
16ужо не як слугу, але вышэй за слугу, як брата ўлюбёнага, асабліва для мяне, а тым больш для цябе — і паводле цела, і ў Госпадзе.
17Дык калі маеш мяне за супольніка, прыймі яго, як мяне.
18А калі ён чым скрыўдзіў цябе або вінен, лічы гэтае на мне.
19Я, Павал, напісаў маёю рукою: «Я аддам»; каб не казаць табе, што ты і самім сабою мне вінны.
20Гэтак, браце, дай мне скарыстацца ад цябе ў Госпадзе; супакой унутранасьці мае ў Госпадзе.
21Перакананы ў паслухмянасьці тваёй, я напісаў да цябе, ведаючы, што ты зробіш і больш, чым кажу.
22А таксама падрыхтуй для мяне гасподу, бо спадзяюся, што праз малітвы вашыя буду вам падараваны.
23Вітае цябе Эпафрас, вязень разам са мною ў Хрысьце Ісусе,
24Марк, Арыстарх, Дэмас, Лука, супрацоўнікі мае.
25Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым. Амэн.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath