Хрысціянства
назад

ЛІКІ 4

1І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:

2«Аддзялі спаміж сыноў Левія сыноў Кегата, паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх,

3ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб выконвалі работу ў Намёце Спатканьня.

4Гэта вось служба сыноў Кегата ў Намёце Спатканьня — [насіць] сьвятое сьвятых.

5І ўвойдуць Аарон і сыны ягоныя, і здымуць заслону, што вісіць перад [Каўчэгам], і накрыюць ёю Каўчэг Сьведчаньня.

6І паложаць на яго накрыцьцё са скуры тахаш, і над ім расьцягнуць тканіну, усю з блакіту, а потым укладуць насілы ягоныя.

7І стол хлябоў пакладных накрыюць тканінаю з блакіту, і паставяць на ім посуд, талеркі, чашы і кубкі на ахвяры вадкія; і хлябы пакладныя будуць на ім.

8І паложаць на іх тканіну кармазыновую, і накрыюць накрыцьцём са скураў тахаш, і ўкладуць насілы ягоныя.

9І возьмуць тканіну з блакіту, і накрыюць ёй сьвечнік асьвятленьня, лямпы ягоныя, нажніцы, пасудзіны на кнаты і ўсе пасудзіны для алею, ужываныя пры ім.

10І ўсё гэтае накрыюць накрыцьцём са скуры тахаш, і пакладуць на насілы.

11І на ахвярнік залаты пало­жаць тканіну з блакіту, і накрыюць яго накрыцьцём са ску­ры тахаш, і ўкладуць насілы.

12І возьмуць усе прыналежнасьці, ужываныя для службы ў сьвятыні, і накрыюць іх тканінай з блакіту і накрыцьцём са скуры тахаш, і пакладуць на насілы.

13І ачысьцяць ахвярнік [ад попелу], і накрыюць яго тканінаю з пурпуру.

14І пакладуць на ім увесь посуд, ужываны для службы пры [ахвярніку]: папяльніцы, віл­кі, лапаткі, крапільнікі. Усе гэ­тыя прыналежнасьці ахвяр­ні­ка накрыюць накрыцьцём са скуры тахаш і ўкладуць насілы.

15Пры складваньні табару, калі Аарон і сыны ягоныя скончаць накрываць [рэчы] сьвятыя і ўсе прыналежнасьці сьвятыні, падыйдуць сыны Кегата, каб іх несьці. І нельга ім дакранацца [рэчаў] сьвятых, каб не памерлі. Такі вось цяжар сыноў Кегата пры Намёце Спатканьня.

16А Элеазар, сын Аарона сьвятара, будзе рупіцца пра алей на асьвятленьне, пра пахкія кадзілы, пра заўсёдную ахвяру хлебную, і пра алей памазаньня, і пра ўсё, патрэбнае для [служэньня] ў Сялібе, пра сьвя­тыню і прыналежнасьці ейныя».

17І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

18«Не дазвольце зьнікнуць сям’і Кегата сярод лявітаў,

19але рабіце так, каб яны жылі і не памерлі, калі будуць набліжацца да Сьвятога Сьвятых. Аарон і сыны ягоныя няхай прыйдуць і вызначаць кожнаму служэньне ягонае і цяжар, [які маюць несьці].

20Але [лявіты] няхай не ўваходзяць [у сьвятыню] хоць на хвіліну, каб паглядзець, і не памруць».

21І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

22«Палічы сыноў Гершона паводле дамоў бацькоў іхніх і паводле сем’яў іхніх.

23Палічы ўсіх ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб выконвалі служэньне ў Намёце Спатканьня.

24Вось служэньне сям'і Гершона, якое яны будуць рабіць, і цяжары [іхнія].

25Яны будуць насіць заслоны Сялібы і Намёт Спатканьня, і накрыцьцё ягонае, і накрыцьцё са [скуры] тахаш, якое на ім, і заслону, што каля ўваходу ў Намёт Спатканьня,

26і заслоны панадворку, і заслону каля ўваходу ў панадворак, які вакол Сялібы і ахвярніка, і вяроўкі, і ўсе прыналежнасьці, патрэбныя для служэньня, і ўсё, што зроблена для іх і служэньня іхняга.

27Паводле [слова] з вуснаў Аарона і сыноў ягоных будзе [праходзіць] усё служэньне сыноў Гершона пры пераносцы цяжараў і пры ўсякім служэньні іхнім. Даручы ім пільнаваць усё, што яны носяць.

28Гэта служэньне сыноў Гершона ў Намёце Спатканьня. Будуць яны пад наглядам Ітамара, сына Аарона сьвятара.

29Палічы сыноў Мэрары паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх,

30ад трыццаці да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб служыць у Намёце Спатканьня.

31І гэта абавязкі іхнія ў-ва ўсім служэньні ў Намёце Спатканьня: [насіць] дошкі Сялібы і жэрдкі яе, слупкі яе і падставы іх,

32і слупкі панадворку з усіх бакоў і падставы іхнія, калкі намёту і вяроўкі іхнія, і ўсе рэчы пры іх, і ўсе прыналежнасьці іхнія, і запішыце ўсе рэчы, якія яны павінны насіць.

33Гэта служэньне сем'яў сыноў Мэрары адносна служэньня іх у Намёце Спатканьня. Будуць яны пад наглядам Ітамара, сына Аарона сьвятара».

34І Майсей, і Аарон, і князі грамады палічылі сыноў Кегата паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх,

35ад трыццаці гадоў і аж да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб служыць у Намёце Спатканьня.

36І было налічана іх паводле сем’яў іхніх дзьве тысячы семсот пяцьдзясят.

37Гэта палічаныя сем'і Кегата, усе, якія служаць у Намёце Спатканьня, якіх палічыў Майсей і Аарон паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, дадзенага праз Майсея.

38І былі палічаны сыны Гершона паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх,

39ад трыццаці гадоў і аж да пяцідзесяці гадоў, усе, здольныя да службы, каб служыць у Намёце Спатканьня.

40І было налічана іх паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх дзьве тысячы шэсьцьсот трыццаць.

41Гэта палічаныя сем'і сыноў Гершона, усе, якія слу­жаць у Намёце Спатканьня, якіх палічылі Майсей і Аарон паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА.

42І былі палічаны сем'і сыноў Мэрары паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх,

43ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усе, здольныя да службы, каб служыць у Намёце Спатканьня.

44І было налічана іх паводле сем’яў іхніх тры тысячы дзьвесьце.

45Гэта палічаныя сем'і сыноў Мэрары, якіх палічылі Майсей і Аарон паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, дадзенага праз Майсея.

46Былі палічаныя ўсе лявіты, якіх палічылі Майсей, і Аарон, і князі Ізраіля паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх,

47ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да спаўненьня службы ў Сялібе і да працаў пры [нашэньні] цяжараў у Намёце Спатканьня.

48І было налічана іх восем тысячаў пяцьсот восемдзясят.

49Паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, дадзенага Майсею, прызначаны яны кожны да свайго служэньня і для [нашэньня] цяжару свайго. І былі яны палічаны, як загадаў ГОСПАД Майсею.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath