Хрысціянства
назад

ЛІКІ 32

1А ў сыноў Рубэна і сыноў Гада былі шматлікія статкі, вельмі шматлікія. І яны ўбачылі зямлю Язэр і зямлю Гілеад, і вось, гэта на гадоўлю быдла.

2І прыйшлі сыны Рубэна і сыны Гада, і сказалі Майсею, і Элеазару сьвятару, і князям грамады, кажучы:

3«Атарот, Дыбон, Язэр, Німра, Хешбон, Элеале, Сэвам, Нэво і Вэон,

4зямля, якую здабыў ГОСПАД перад абліччам грамады Ізраіля, зямля для гадоўлі быдла, а слугі твае маюць статкі».

5І сказалі: «Калі мы знайшлі ласку ў вачах тваіх, дай гэтую зямлю слугам тваім на ўласнасьць, не пераводзь нас праз Ярдан».

6І сказаў Майсей сынам Гада і сынам Рубэна: «Браты вашыя пойдуць ваяваць, а вы тут бу­дзеце сядзець?

7Навошта вы стрымліваеце сэрца сыноў Ізраіля, каб яны не перайшлі ў зямлю, якую даў ім ГОСПАД?

8Так зрабілі бацькі вашыя, калі я паслаў іх з Кадэш-Барнэа выведаць зямлю.

9І дайшлі яны да даліны Эшколь, і ўбачылі яны зямлю, і збунтавалі яны сэрцы сыноў Ізраіля, каб не ішлі яны ў зямлю, якую даў ім ГОСПАД.

10І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА ў той дзень і Ён прысягнуў, кажучы:

11“Ня ўбачаць гэтыя людзі, якія выйшлі з Эгіпту ў дваццаць гадоў і вышэй, зямлі, якую Я пад прысягай абяцаў Абрагаму, Ісааку і Якубу, бо яны ня слухаліся Мяне,

12акрамя Халева, сына Ефунны, Кенэзеяніна, і Егошуа, сына Нуна, бо яны слухаліся ГОСПАДА!”

13І гневаўся ГОСПАД на Ізраіля, і вадзіў яго па пустыні сорак гадоў, пакуль не памерла ўсё пакаленьне, якое рабіла зло перад вачыма ГОСПАДА.

14І вось, вы сталі замест бацькоў вашых, людзей грэшных, каб павялічыць лютасьць гневу ГОСПАДА на Ізраіля.

15Калі зноў адвернецеся ад Яго, зноў Ён будзе вадзіць вас па пустыні, і вы загубіце ўвесь народ гэты».

16І яны падыйшлі бліжэй да яго, і сказалі: «Мы пабудуем загарадкі для авечак і для статкаў нашых і гарады для дзяцей нашых,

17а самі, узброеныя, пойдзем хутка перад абліччам сыноў Ізраіля, пакуль не ўвядзём іх у месцы, дзе яны будуць жыць. Дзеці нашыя будуць жыць у гарадах мураваных дзеля [небясьпекі] ад жыхароў зямлі гэтай.

18Ня вернемся мы ў дамы нашыя, пакуль не авалодаюць сыны Ізраіля спадчынай сваёй.

19Мы ня будзем шукаць спадчыны з імі на тым баку Ярдану або далей, бо ўжо маем спадчыну сваю на ўсходнім беразе Ярдану».

20І Майсей сказаў ім: «Калі ўчыніце паводле слова гэтага, калі ўзброеныя пойдзеце перад абліччам ГОСПАДА на бітву,

21і калі кожны з вас, узброены, пяройдзе Ярдан перад абліччам ГОСПАДА, аж пакуль Ён ня выганіць ворагаў Сваіх перад абліччам Сваім,

22і будзе здабытая зямля перад абліччам ГОСПАДА, а потым вернецеся, тады ня будзеце вінаватыя перад ГОСПАДАМ і перад Ізраілем і возьмеце зямлю гэтую на ўласнасьць перад абліччам ГОСПАДА.

23А калі ня зробіце так, вы дапусьціцеся грэху перад ГОСПАДАМ, і ведайце, што грэх ваш знойдзе вас.

24Дык будуйце гарады дзецям вашым і загарадкі для авечак вашых, і тое, што выйшла з вуснаў вашых, зрабіце».

25І сказалі сыны Гада і сыны Рубэна Майсею, кажучы: «Слугі твае зробяць так, як загадаў гаспадар наш.

26Дзеці нашыя, жонкі нашыя, статкі нашыя і ўсё быдла нашае застануцца ў гарадах Гілеаду,

27а слугі твае, усе ўзброеныя, пойдуць перад абліччам ГОСПАДА на вайну, як прамовіў гаспадар наш».

28І загадаў Майсей Элеазару сьвятару і Егошуа, сыну Нуна, і галовам дамоў бацькоў сыноў Ізраіля,

29і сказаў ім Майсей: «Калі сыны Гада і сыны Рубэна разам з вамі пяройдуць Ярдан, усе ўзброеныя на бітву перад абліччам ГОСПАДА, і вы завалодаеце зямлёю, дайце ім зямлю Гілеад на ўласнасьць.

30А калі ня пойдуць разам з вамі, узброеныя, атрымаюць пасяленьні паміж вас у зямлі Ханаан».

31І адказалі сыны Гада і сыны Рубэна, кажучы: «Як прамовіў ГОСПАД да слугаў тваіх, так і зробім.

32Мы пойдзем, узброеныя, перад абліччам ГОСПАДА ў зямлю Ханаан, а ўласнасьць нашая, спадчына нашая з гэтага боку Ярдану».

33І даў Майсей сынам Гада і Рубэна і палове пакаленьня Манасы, сына Язэпа, валадарства Сыгона, валадара Амарэйцаў, і валадарства Ога, валадара Башану, зямлю з гарадамі і гарады зямлі навокал.

34І адбудавалі сыны Гада Дыбон, Атарот, Араэр,

35Атрот-Шафан, Язэр і Ёгбэгу,

36Бэт-Німру і Бэт-Гаран, мураваныя гарады і загарадкі для авечак.

37А сыны Рубэна адбудавалі Хешбон, Элеале, Кірыятаім,

38Нэво, Баал-Мэон, зьмяніўшы іх назвы, Сібму, і назвалі імёны гарадоў, якія адбудавалі.

39І пайшлі сыны Махіра, сына Манасы, у Гілеад, і занялі яго, і выгналі Амарэйцаў, што [жылі] ў ім.

40І даў Майсей Гілеад Махіру, сыну Манасы, і ён абжыўся ў ім.

41А Яір, сын Манасы, пайшоў і заняў мястэчкі [Амарэйцаў], якія назваў Хават-Яір.

42А Нобах пайшоў і заняў Кенат з ваколіцамі ягонымі, і назваў яго імем сваім, Нобах.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath