Хрысціянства
назад

ЛІКІ 23

1І сказаў Білеам Балаку: «Пастаў мне тут сем ахвярнікаў і падрыхтуй мне сем бычкоў і сем бараноў».

2І Балак зрабіў так, як прамовіў Білеам, і склалі ў ахвяру Балак і Білеам бычка і барана на [кожным] ахвярніку.

3І сказаў Білеам Балаку: «Застанься каля цэласпаленьня твайго, а я пайду, можа, мяне спаткае ГОСПАД, і слова, якое Ён мне зьявіць, я паведамлю табе». І ён узыйшоў на лысы ўзгорак.

4І сустрэў Бог Білеама, і той сказаў Яму: «Паставіў я сем ахвярнікаў, і на кожным ахвярніку склалі ў ахвяру бычка і барана».

5І ўлажыў ГОСПАД слова ў вусны Білеама, і сказаў: «Вярніся да Балака і гэта скажы».

6І вярнуўся [Білеам], і вось, [Балак] стаіць каля цэласпаленьня свайго, ён і ўсе князі Мааву.

7І абвясьціў ён прароцтва сваё, і сказаў: «З Араму прывёў мяне Балак, валадар Мааву, з гор усходніх, [кажучы]: “Прыйдзі і пракляні мне Якуба! Прыйдзі і навядзі няшчасьце на Ізраіля!”

8Як магу я праклінаць таго, каго не праклінае Бог? Як магу навесьці на каго няшчасьце, калі ГОСПАД не наводзіць яго?

9Бо я бачу яго з вяршыні скалаў і з узгорышчаў гляджу на яго. Вось, народ, які жыве асобна і сярод народаў ня лічыцца.

10Хто можа палічыць пыл Якуба, і лік чацьвёртай часткі Ізраіля? Няхай памрэ душа мая сьмерцю справядлівых, і няхай будзе канец мой падобны іхняму».

11І сказаў Балак Білеаму: «Што ты робіш? Я цябе паклікаў праклінаць ворагаў маіх, а ты, вось, дабраслаўляючы, дабраслаўляеш іх!»

12І адказаў [Білеам], і сказаў: «Хіба ня тое, што ўложыць ГОСПАД у вусны мае, я павінен прамаўляць?»

13І сказаў яму Балак: «Ха­дзі са мной на іншае месца, з якога толькі частку [Ізраіля] ўбачыш, а ўсяго ня будзеш бачыць, і адтуль яго пракляні».

14І завёў ён яго на Поле Вартаўнікоў, на вяршыню Пісгі, і пабудаваў сем ахвярнікаў, і ахвяраваў на [кожным] ахвярніку бычка і барана.

15І сказаў [Білеам] Балаку: «Застанься тут каля цэласпаленьня твайго, а я спаткаюся [з Госпадам]».

16І сустрэў ГОСПАД Білеама, і ўлажыў словы ў вусны ягоныя, і сказаў: «Вяртайся да Балака і гэта прамовіш».

17І вярнуўся [Білеам], і вось, [Балак] стаіць каля цэласпаленьня свайго, і князі Мааву з ім, і сказаў яму Балак: «Што прамовіў ГОСПАД?»

18І ён абвясьціў прароцтва сваё, і сказаў: «Устань, Балак, і слухай, і прыхілі вуха, сыне Цыпора!

19Бог — гэта не чалавек, каб Ён падманваў, і ня сын чалавечы, каб памыляўся. Ці ж Ён кажа і ня робіць? Ці ж Ён прамовіў і ня споўніў?

20Вось, дабраслаўляць прывёў Ён мяне, і Ён дабраславіў, і я не стрымаю гэтага.

21Не заўважна беззаконьня ў Якуба і ня бачна гора ў Ізраіля. ГОСПАД, Бог ягоны, з ім, і гоман у яго [на славу] валадара ягонага.

22Бог вывеў яго з Эгіпту. Ён для іх — як рог аднарога.

23Няма варажбы ў Якуба, ані прадказаньняў у Ізраіля. У свой час будзе сказана Якубу і Ізраілю, што ўчыніць Бог.

24Вось, народ, як ільвіца, падымаецца і, як леў, становіцца; ён ня ляжа, пакуль ня зьесьць здабычы і пакуль не нап’ецца крыві забітых».

25І сказаў Балак Білеаму: «Калі ты праклёнам не праклянеш яго, дык не дабраслаўляй яго, дабраслаўляючы!»

26І адказаў Білеам, і сказаў Балаку: «Ці ж я табе не прамаўляў, кажучы: "Усё тое, што мне ГОСПАД прамовіць, я зраблю"?»

27І сказаў Балак Білеаму: «Хадзі, я завяду цябе на іншае месца. Можа, спадабаецца ў вачах Бога, і ты адтуль праклянеш яго?»

28І завёў Балак Білеама на вяршыню [гары] Пэор, што ўзвышаецца перад абліччам [зямлі] бязьлюднай.

29І сказаў Білеам Балаку: «Пабудуй мне тут сем ахвярнікаў і падрыхтуй мне тут сем бычкоў і сем бараноў».

30І зрабіў Балак, як яму сказаў Білеам, і ахвяраваў бычка і барана на [кожным] ахвярніку.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath