Хрысціянства
назад

ЛІКІ 22

1І выйшлі сыны Ізраіля, і сталі табарам на раўнінах Мааву на другім баку Ярдану, насупраць Ерыхону.

2І ўбачыў Балак, сын Цыпора, усё, што зрабіў Ізраіль Амарэйцам.

3І Мааў вельмі спалохаўся гэтага народу, бо ён быў шматлікі, і баяўся Мааў сыноў Ізраіля.

4І сказаў Мааў старшыням Мадыяну: «Цяпер гэтая супольнасьць паесьць усё кругом, як вол саскубае траву на полі». У той час валадаром Мааву быў Балак, сын Цыпора.

5І паслаў ён пасланцоў да Білеама, сына Бэора, у Пэтор, які над ракой зямлі сыноў народу ягонага, каб паклікаць яго, кажучы: «Вось, выйшаў народ з Эгіпту. Вось, ён пакрыў аблічча зямлі і пасяліўся насупраць мяне.

6І цяпер прыйдзі, прашу, і пракляні мне народ гэты, бо ён дужэйшы за мяне. Можа, я здолею перамагчы яго і выгнаць з зямлі, бо ведаю, што каго ты дабраславіш, будзе дабраслаўлёны, а каго ты праклянеш, будзе пракляты».

7І прыйшлі старшыні Мааву са старшынямі Мадыяну, і [плата] за прадказаньне была ў руцэ іхняй, і прыйшлі да Білеама, і перадалі яму словы Балака.

8І ён сказаў ім: «Застаньцеся тут на ноч, і я прынясу вам слова, якое скажа мне ГОСПАД». І засталіся князі Мааву ў Білеама.

9І прыйшоў Бог да Білеама, і сказаў: «Што гэта за людзі ў цябе?»

10І Білеам сказаў Богу: «Балак, сын Цыпора, валадар Мааву, прыслаў да мяне

11[сказаць]: “Вось, народ выйшаў з Эгіпту і пакрыў паверхню зямлі. Цяпер прыйдзі і пракляні мне яго, каб мог я перамагчы яго і выгнаць яго”».

12І сказаў Бог Білеаму: «Ты ня пойдзеш з імі, не праклянеш народ, бо ён дабраслаўлёны».

13І ўстаў Білеам раніцаю, і сказаў князям Балака: «Варочайцеся ў зямлю вашую, бо ГОСПАД не дазволіў мне ісьці з вамі».

14І ўсталі князі Мааву, і прыйшлі да Балака, і сказалі яму: «Білеам не згадзіўся ісьці з намі».

15І Балак паслаў яшчэ раз князёў, больш лікам і больш паважаных, чым тыя.

16І прыйшлі яны да Білеама, і сказалі яму: «Так кажа Балак, сын Цыпора: “Не адмаўляйся, прашу, прыйсьці да мяне.

17Бо, ушаноўваючы, вельмі ўшаную цябе і ўсё, што скажаш мне, зраблю. Прыйдзі і пракляні мне народ гэты”».

18І адказаў Білеам, і сказаў слугам Балака: «Калі [нават] дасьць мне Балак поўны дом свой срэбра і золата, не магу парушыць [слова] з вуснаў ГОСПАДА, Бога майго, каб зрабіць што малое, або вялікае.

19А цяпер, прашу, застаньцеся таксама ў гэтую ноч, а я даведаюся, што зноў прамовіць да мяне ГОСПАД».

20І прыйшоў Бог да Білеама ўначы, і сказаў яму: «Калі прыйшлі гэтыя людзі паклікаць цябе, устань і ідзі з імі, але слова, якое Я прамоўлю да цябе, выканаеш».

21І ўстаў Білеам раніцаю, і асядлаў асьліцу сваю і вырушыў разам з князямі Мааву.

22І ўзгарэўся гнеў Бога, што ён паехаў. І стаў анёл ГОСПАДА на шляху як супраціўнік ягоны. А ён ехаў на асьліцы сваёй, і два юнакі ягоныя з ім.

23І ўбачыла асьліца анёла ГОСПАДА, які стаяў на шляху, і меч ягоны выцягнуты ў руцэ ягонай, і зыйшла асьліца з дарогі, і пайшла ў поле. І Білеам ударыў асьліцу, каб яна завярнула на дарогу.

24І стаў анёл ГОСПАДА на сьцеж­цы паміж вінаграднікамі, і мур быў з таго і з гэтага боку.

25І ўбачыла асьліца анёла ГОС­ПАДА, і прыціснулася да му­ру, і прыціснула нагу Білеама да муру, і ён зноў пачаў біць яе.

26І анёл ГОСПАДА перайшоў і стаў у месцы такім вузкім, што не было дарогі, каб абмінуць яго ані з правага, ані з левага боку.

27І ўбачыла асьліца анёла ГОСПАДА, і лягла пад Білеамам. І ўзлаваўся Білеам, і біў асьліцу кіем.

28І адкрыў ГОСПАД вусны асьліцы, і яна сказала Білеаму: «Што я табе зрабіла? Чаму ты б’еш мяне ўжо трэці раз?»

29І сказаў Білеам асьліцы: «Бо ты глумішся з мяне. Каб меў я меч у руцэ маёй, я забіў бы цябе!»

30І сказала асьліца Білеаму: «Ці ж я не твая асьліца, на якой ты езьдзіш ад пачатку да сёньняшняга дня? Ці ж я мела звычку так рабіць з табой?» І ён сказаў: «Не».

31І адкрыў ГОСПАД вочы Білеама, і ён угледзеў анёла ГОСПАДА, які стаяў на шляху, і меч выцягнуты ў руцэ ягонай. І пакланіўся ён, і схіліў аблічча сваё.

32І сказаў яму анёл ГОСПАДА: «Навошта тры разы ты біў асьліцу сваю? Вось, я прыйшоў як супраціўнік твой, бо нядобрая дарога [твая] перад табою.

33І ўбачыла мяне асьліца, і тры разы ўхілялася ад мяне, і каб яна не ўхілялася ад мяне, я забіў бы цябе, а яе пакінуў бы жывую».

34І сказаў Білеам анёлу ГОСПАДА: «Саграшыў я, бо ня ведаў, што ты стаіш супраць мяне на шляху; а цяпер, калі гэта кепска ў вачах тваіх, я вярнуся назад».

35І сказаў анёл ГОСПАДА Білеаму: «Ідзі з тымі людзьмі, але сьцеражыся, бо слова, якое Я прамоўлю да цябе, прамовіш». І пайшоў Білеам з князямі Балака.

36І пачуў Балак, што Білеам прыйшоў, і выйшаў яму на спатканьне аж да Ір-Мааву, які на мяжы пры Арноне.

37І сказаў Балак Білеаму: «Ці ж, пасылаючы, я не пасылаў да цябе, каб паклікалі цябе? Чаму ты не прыйшоў да мяне? Няўжо я не магу ўшанаваць цябе?»

38І сказаў Білеам Балаку: «Вось, я прыйшоў да цябе цяпер. Ці ж я магу што іншае прамовіць? Слова, якое ўложыць Бог у вусны мае, я прамоўлю».

39І пайшлі Балак разам з Білеамам, і прыйшлі ў Кірыят-Хуцот.

40І Балак склаў у ахвяру валоў і авечак, і паслаў Білеаму і князям, якія з ім.

41І сталася раніцаю, і ўзяў Балак Білеама, і завёў яго на ўзгорышча Баала, і адтуль убачыў ён частку народу [Ізраіля].

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath