Хрысціянства
назад

ЛІКІ 13

1І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

2«Пашлі людзей, і яны выведаюць зямлю Ханаан, якую Я даю сынам Ізраіля, па адным з кожнага пакаленьня бацькоў іхніх, вышліце ўсіх князёў сярод іх».

3І паслаў іх Майсей з пустыні Паран паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, а ўсе яны галовы сыноў Ізраіля.

4Вось імёны іхнія: з пакаленьня Рубэна — Шамуа, сын Закура;

5з пакаленьня Сымона — Шафат, сын Хоры;

6з пакаленьня Юды — Халеў, сын Ефунны;

7з пакаленьня Ісахара — Ігаль, сын Язэпа;

8з пакаленьня Эфраіма — Ошэа, сын Нуна;

9з пакаленьня Бэн’яміна — Пальты, сын Рафу;

10з пакаленьня Завулёна — Гадыэль, сын Соды,

11з пакаленьня Язэпа, пакаленьня Манасы — Гады, сын Сусі,

12з пакаленьня Дана — Аміэль, сын Гемальлі,

13з пакаленьня Асэра — Сэтур, сын Міхаэля,

14з пакаленьня Нэфталі — Нахбі, сын Вафсі,

15з пакаленьня Гада — Геўэль, сын Махі.

16Гэта вось імёны мужчынаў, якіх паслаў Майсей для выведваньня зямлі [Ханаан]. І Ошэа, сына Нуна, назваў Майсей Егошуа.

17І паслаў іх Майсей дзеля выведваньня зямлі Ханаан, і сказаў ім: «Ідзіце праз Нэгеў, і прыйдзеце ў горы,

18і разгледзьце зямлю, якая яна, і народ, які жыве на ёй, ці моцны ён, ці кволы, ці нямногія лікам, ці шматлікія?

19І якая зямля, на якой яны жывуць, ці добрая, ці ліхая? Якія гарады, у якіх яны жывуць, ці як табар, ці з мурамі?

20І якая зямля, ці ўрадлівая, ці пустая, ці [ёсьць] там дрэвы, ці няма іх? Будзьце мужныя і прынясіце пладоў той зямлі». А былі тады дні дасьпяваньня вінаграду.

21І яны пайшлі, і выведалі зямлю ад пустыні Сін аж па Рэхоб каля ўваходу ў Хамат.

22І дайшлі да Нэгеву, а адтуль прыйшлі ў Хеўрон, дзе жылі Ахіман, Шэшай і Тальмай, нашчадкі Анака. А Хеўрон пабудаваны на сем гадоў раней, чым Цаан у Эгіпце.

23І дайшлі яны аж да даліны Эшколь, там зрэзалі галінку з адной гронкай вінаграду, якую несьлі на жэрдцы два [чалавекі], ўзялі яблыкаў гранатовых і фігаў.

24І назвалі месца тое далінай Эшколь, таму што адтуль сыны Ізраіля несьлі гронку [вінаграду].

25І вярнуліся выведчыкі зямлі праз сорак дзён.

26І ішлі, і прыйшлі да Майсея і Аарона, і да ўсёй грамады сыноў Ізраіля ў пустыню Паран, у Кадэш. І зьвярнулі словы да іх і да ўсёй грамады, і паказалі ім плады той зямлі.

27І расказвалі ім, і сказалі: «Мы прыйшлі ў зямлю, у якую ты паслаў нас, якая сапраўды ацякае малаком і мёдам, і такія плады ейныя.

28Але народ, які жыве на ёй, дужы, і гарады вельмі вялікія і ўмацаваныя. Бачылі мы там таксама нашчадкаў Анака.

29Амалекцы жывуць у зямлі Нэгеў; Хеты, Евусэі і Амарэйцы жывуць у гарах, а Хананейцы жывуць каля мора і на беразе Ярдану».

30І Халеў супакойваў [абу­рэньне] народу супраць Майсея, і казаў: «Пойдзем і здабудзем зямлю, бо мы [можам]авалодаць ёю».

31А іншыя, якія хадзілі з ім, казалі: «Ня зможам мы ваяваць з тым народам, бо ён дужэйшы за нас».

32І гаварылі ліхія весткі пра зямлю, якую аглядалі, паміж сыноў Ізраіля, кажучы: «Зямля, якую мы прайшлі, каб выведаць яе, пажырае жыхароў сваіх, а ўвесь народ, які мы бачылі ў ёй, — высокага росту.

33Бачылі мы там нэфілімаў, сыноў Анака, з роду нэфілімаў, і ў вачах нашых мы былі як саранча, і такімі ж мы былі ў вачах іхніх».

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath