МАРКА 7
1І сабраліся да Яго фарысэі і некаторыя кніжнікі, што прыйшлі з Ерусаліму.
2І, убачыўшы некаторых з вучняў Ягоных, што елі хлеб нячыстымі, гэта значыць, нямытымі рукамі, вінавацілі іх.
3Бо самі фарысэі і ўсе Юдэі не ядуць, не абмыўшы чыста рук, трымаючыся традыцыяў старэйшых.
4І пасьля рынку, пакуль не абмыюцца, не ядуць; і ёсьць шмат іншага, чаго яны прытрымліваюцца: абмываньня келіхаў і конавак, мядніцаў і сталоў.
5Пасьля пытаюцца ў Яго фарысэі і кніжнікі: «Чаму вучні Твае ня ходзяць паводле традыцыяў старэйшых, але нячыстымі рукамі ядуць хлеб?»
6Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Добра пра вас, крывадушнікаў, прарочыў Ісая, як напісана: “Народ гэты губамі шануе Мяне, а сэрца іхняе трымаецца далёка ад Мяне.
7Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньням і пастановам чалавечым”.
8Бо вы, пакінуўшы прыказаньне Божае, трымаецеся традыцыі чалавечай, абмываньня конавак і келіхаў, і шмат іншага, да гэтага падобнага, чыніце».
9І сказаў ім: «Ці добра, што вы адкідаеце прыказаньне Божае, каб захаваць традыцыю вашую?
10Бо Майсей сказаў: “Шануй бацьку твайго і маці тваю”, і: “Хто праклінае бацьку або маці, няхай сьмерцю памрэ”.
11А вы гаворыце: “Калі скажа чалавек бацьку або маці: ‘Карбан’, гэта значыць, дар [Богу] тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся”,
12і ўжо дазваляеце яму нічога не рабіць для бацькі свайго або маці сваёй,
13пазбаўляючы сілы слова Божае праз традыцыю вашую, якую вы перадаяцё, і шмат да гэтага падобнага чыніце».
14І, паклікаўшы ўвесь натоўп, гаварыў ім: «Слухайце Мяне ўсе і разумейце.
15Няма нічога, што звонку чалавека, што ўваходзячы ў яго, можа яго апаганіць, але тое, што з чалавека выходзіць, апаганьвае яго.
16Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае».
17І калі Ён увайшоў у дом ад натоўпу, пыталіся Яго вучні Ягоныя пра прыповесьць.
18І кажа ім: «Няўжо і вы такія няцямкія? Няўжо не разумееце, што ўсё, што звонку ўваходзіць у чалавека, ня можа яго апаганіць,
19бо ўваходзіць ня ў сэрца ягонае, але ў жывот, і выкідаецца прэч, ачышчаючы ўсякую ежу».
20І сказаў: «Тое, што выходзіць з чалавека, яно апаганьвае яго,
21бо з нутра, з сэрца чалавечага выходзяць благія думкі, чужалоства, распуснасьць, забойствы,
22крадзяжы, хцівасьць, зласьлівасьць, подступ, бессаромнасьць, злое вока, блюзьнерствы, пыха, глупота.
23Уся гэтая ліхота знутры выходзіць і апаганьвае чалавека».
24І, устаўшы адтуль, Ён адыйшоў у межы Тыру і Сідону. І, увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не даведаўся, але ўтоіцца ня змог.
25Бо пачула пра Яго жанчына, у якой дачка мела ў сабе нячыстага духа, і, прыйшоўшы, упала да ног Ягоных.
26А жанчына гэтая была Грэчанка, родам Сірафінікіянка; і прасіла яна Яго, каб выгнаў дэмана з дачкі ейнай.
27Але Ісус сказаў ёй: «Дазволь перш насыціцца дзецям, бо нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам».
28Яна ж адказала і кажа Яму: «Так, Госпадзе, але ж і сабакі пад сталом ядуць крошкі, [што ўпалі] ад дзяцей».
29І сказаў ёй: «Дзеля такога слова ідзі; дэман выйшаў з дачкі тваёй».
30І адыйшоўшы ў дом свой, яна знайшла, што дэман выйшаў і дачка ляжыць на ложку.
31І зноў, выйшаўшы з межаў Тыру і Сідону, пайшоў Ён да мора Галілейскага пасярод межаў Дэкапаля.
32І прыводзяць да Яго глухога, які з цяжкасьцю гаварыў, і просяць Яго ўскласьці на яго руку.
33І, узяўшы яго ад натоўпу на бок, уклаў пальцы Свае ў вушы ягоныя, і, плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага.
34І, глянуўшы ў неба, уздыхнуў, і гаворыць яму: «Эффата», што значыць: «Адчыніся».
35І адразу адчыніліся вушы ягоныя і разьвязаліся путы языка ягонага, і ён пачаў добра гаварыць.
36І Ён перасьцерагаў іх, каб нікому не расказвалі, але колькі ні забараняў, яны яшчэ шырэй абвяшчалі.
37І надзвычай дзівіліся, кажучы: «Усё добра зрабіў, і глухім робіць, каб чулі, і нямым, каб гаварылі».
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath