Хрысціянства
назад

МАРКА 5

1І прыйшлі на другі бок мора ў край Гадарэнскі.

2І калі выйшаў Ён з чаўна, адразу пераняў Яго чалавек з магілаў, [апанаваны] нячыстым духам,

3які меў жытло ў магілах, і ніхто ня мог яго зьвязаць ланцугамі.

4Бо шмат разоў зьвязвалі яго кайданамі і ланцугамі, і ён рваў ланцугі і разьбіваў кайданы, і ніхто ня мог утаймаваць яго.

5І ён заўсёды днём і ноччу ў магілах і ў гарах крычаў і біў сябе камянямі.

6І, здалёк убачыўшы Ісуса, прыбег, і пакланіўся Яму,

7і, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: «Што мне і Табе, Ісус, Сын Бога Найвышэйшага? Заклінаю Цябе Богам, ня мучай мяне».

8Бо [Ісус] сказаў яму: «Вый­дзі, духу нячысты, з гэтага чалавека».

9І спытаўся ў яго: «Якое імя тваё?» А ён адказаў, кажучы: «Маё імя — легіён, бо нас многа».

10І вельмі прасіў Яго, каб не выганяў іх прэч з гэтага краю.

11А там каля гары пасьвіўся вялікі гурт сьвіньняў.

12І прасілі Яго ўсе дэманы, кажучы: «Пашлі нас у сьвіньняў, каб мы ў іх увайшлі».

13І Ісус адразу дазволіў ім. І, выйшаўшы, духі нячыстыя ўвайшлі ў сьвіньняў, і рынуўся гурт са стромы ў мора, а было іх каля дзьвюх тысячаў, і патанулі ў моры.

14А тыя, што пасьвілі сьвіньняў, уцяклі і абвясьцілі ў горадзе і вёсках, і [людзі] выйшлі паглядзець, што сталася.

15І прыходзяць да Ісуса, і бачаць, што апанаваны дэманамі, у якім быў легіён, сядзіць адзеты і пры здаровым розуме, і спалохаліся.

16І тыя, што бачылі, расказалі ім, што сталася з апанаваным дэманам, і пра сьвіньняў.

17І пачалі прасіць Яго, каб адыйшоў ад межаў іхніх.

18І калі Ён увайшоў у човен, той, што быў апанаваны дэманам, прасіў Яго, каб быць з Ім.

19Ісус жа не дазволіў яму, але гаворыць: «Ідзі ў дом твой да сваіх, і раскажы ім, што Госпад учыніў табе і зьлітаваўся над табою».

20І ён пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкапалі, што ўчыніў яму Ісус, і ўсе дзівіліся.

21І калі Ісус зноў пераправіўся ў чаўне на другі бок, зыйшлося да Яго мноства людзей, і Ён быў каля мора.

22І вось прыходзіць адзін з начальнікаў сынагогі, на імя Яір, і, убачыўшы Яго, падае да ног Ягоных,

23і вельмі просіць Яго, кажучы: «Дачка мая канае, прый­дзі, ускладзі рукі на яе, каб была выратаваная і жыла».

24І Ён пайшоў з ім. І ішоў за Ім вялізарны натоўп, і ціснулі Яго.

25І нейкая жанчына, якая [была] хворая на цячэньне крыві дванаццаць гадоў,

26і шмат нацярпелася ад шматлікіх лекараў, і выдаткавала ўсё, што мела, і не атрымала аніякай карысьці, але яшчэ горш пачувалася,

27пачуўшы пра Ісуса, падыйшла ў натоўпе ззаду і дакранулася да шаты Ягонае,

28бо казала: «Калі толькі дакрануся шаты Ягонае, буду выратаваная».

29І адразу высахла ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе, што паздаравела ад немачы.

30І адразу Ісус, адчуўшы ў Сабе, што моц выйшла з Яго, павярнуўся да натоўпу і сказаў: «Хто дакрануўся шаты Маёй?»

31І сказалі Яму вучні Ягоныя: «Бачыш натоўп, які цісьне Цябе, і кажаш: “Хто дакрануўся да Мяне?”»

32Але Ён паглядзеў кругом, каб убачыць тую, што зрабіла гэта.

33А жанчына, спалохаўшыся і дрыжучы, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла і ўпала перад Ім, і сказала Яму ўсю праўду.

34Ён жа сказаў ёй: «Дачка! Вера твая збавіла цябе. Ідзі ў супакоі і будзь здаровая ад немачы тваёй».

35Яшчэ Ён гаварыў, прыходзяць ад начальніка сынагогі людзі і кажуць: «Дачка твая памерла, нашто яшчэ турбуеш Настаўніка?»

36Ісус жа, пачуўшы сказанае слова, кажа да начальніка сынагогі: «Ня бойся, толькі вер».

37І не дазволіў нікому ісьці за Ім, акрамя Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба.

38І прыходзіць у дом начальніка сынагогі, і бачыць замяшаньне, плач і лямант вялікі.

39І, увайшоўшы, гаворыць ім: «Чаму вы ўзрушаныя і плачаце? Дзіцятка не памерла, але сьпіць».

40І сьмяяліся з Яго. Ісус жа, адправіўшы ўсіх, бярэ бацьку і маці дзіцяці ды тых, што з Ім былі, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзіцятка.

41І, узяўшы руку дзіцяці, гаворыць ёй: «Таліта кумі», што значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, устань!»

42І адразу ўстала дзяўчынка, і хадзіла, а мела яна дванаццаць гадоў. І [ўсе] дзівіліся з захапленьнем вялікім.

43І перасьцерагаў іх, каб ніхто пра гэта ня ведаў, і сказаў, каб далі ёй есьці.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath