Хрысціянства
назад

МАРКА 4

1І зноў Ён пачаў навучаць каля мора; і сабраўся да Яго вялізарны натоўп, так што Ён, увайшоўшы ў човен, сядзеў у моры, а ўвесь натоўп быў на беразе каля мора.

2І навучаў іх шмат у прыповесьцях, і гаварыў ім у вучэньні Сваім:

3«Слухайце. Вось выйшаў сейбіт сеяць.

4І сталася, калі сеяў, адно [зерне] ўпала пры дарозе; і наляцелі птушкі нябесныя і падзяўблі яго.

5Іншае ўпала на камяністае месца, дзе не было шмат зямлі, і адразу ўзыйшло, бо зямля была неглыбокая;

6а калі ўзыйшло сонца, зьвяла, і, як ня мела кораня, высахла.

7А іншае ўпала ў церні, і вырасьлі церні, і заглушылі яго, і не дало плоду.

8А іншае ўпала ў добрую зямлю і дало плод, які ўзыйшоў і вырас, і ўрадзіла адно — трыццаць, адно — шэсьцьдзясят, і адно — сто».

9І сказаў ім: «Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».

10Калі ж Ён застаўся Сам, тыя, што з Ім былі, разам з Дванаццацьцю спыталіся ў Яго адносна прыповесьці.

11І сказаў Ён ім: «Вам дадзена разумець таямніцу Валадарства Божага; а тым, якія вонкі, усё стаецца ў прыповесьцях,

12каб гледзячы глядзелі, і ня бачылі, і каб слухаючы слухалі, і не разумелі, каб не навярнуліся і не былі ім адпушчаны грахі».

13І кажа ім: «Не разумееце гэтай прыповесьці? А як жа ўсе прыповесьці зразумееце?

14Сейбіт слова сее.

15Вось тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова, калі пачуюць яго, адразу прыходзіць шатан і забірае слова, пасеянае ў сэрцах іхніх.

16Таксама і тыя, што на камяністым месцы пасеяны, пачуўшы слова, адразу з радасьцю прыймаюць яго,

17але ня маюць у сабе кораня, таму нетрывалыя; калі надыйдзе прыгнёт ці перасьлед дзеля слова, адразу ж горшацца.

18А тыя, што ў цернях пасеяныя, чуюць слова,

19але клопаты веку гэтага і ашуканства багацьця ды іншыя пажаданьні, уваходзячы, заглушаюць слова, і яно стаецца бясплодным.

20А тыя, што пасеяныя ў добрую зямлю, гэта тыя, што чуюць слова, і прыймаюць, і прыносяць плод: адзін — трыццаць, іншы — шэсьцьдзясят, а іншы — сто».

21І сказаў ім: «Ці на тое прыносіцца сьвечка, каб паставіць яе пад пасудзіну або пад ложак? Ці не на тое, каб была пастаўлена на сьвечніку?

22Бо няма нічога тайнага, каб не выявілася, і няма нічога схаванага, каб не сталася яўным.

23Калі хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».

24І сказаў ім: «Глядзіце, што слухаеце! Якою меркаю мерыце, такою вам будзе адмерана і будзе дададзена вам, якія слухаеце.

25Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто ня мае, дык і тое, што мае, будзе забрана ў яго».

26І сказаў: «Гэтак ёсьць Валадарства Божае, як быццам чалавек кідае насеньне ў зямлю.

27І ці ён сьпіць, ці ўстае ноччу і днём, а насеньне ўзыходзіць і расьце, і ён ня ведае, як.

28Бо зямля сама сабою родзіць спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе.

29Калі ж плод сасьпее, адразу пасылае серп, бо надыйшло жніво».

30І сказаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае? Або ў якой прыповесьці выявім яго?

31Як гарчычнае зерне, якое, калі сеецца ў зямлю, ёсьць меншым за ўсе насеньні на зямлі;

32а калі пасеянае, узыходзіць і робіцца большым за ўсе расьліны, і пускае галіны вялікія, так што птушкі нябесныя могуць хавацца ў ценю яго».

33І многімі падобнымі прыповесьцямі гаварыў ім слова, колькі маглі яны слухаць,

34і без прыповесьці не гаварыў ім, а вучням асобна тлумачыў усё.

35І ў той самы дзень, калі надыйшоў вечар, кажа ім: «Пераплывем на другі бок».

36І яны, пакінуўшы натоўп, бяруць Яго, бо Ён быў у чаўне, і іншыя чаўны былі з Ім.

37І сталася вялікая бура, і хвалі білі ў човен, так што ён ужо напаўняўся [вадою].

38А Ён спаў на карне на падушцы. І будзяць Яго, і кажуць Яму: «Настаўнік! Ці ж Цябе ня рупіць, што мы гінем?»

39І Ён, падняўшыся, забараніў ветру і сказаў мору: «Замаўчы, суцішся!» І сьціх вецер, і сталася вялікая ціша.

40І кажа ім: «Чаму вы так палахлівыя? Ці ж ня маеце веры?»

41І яны спалохаліся страхам вялікім, і гаварылі адзін аднаму: «Хто ж Ён, што вецер і мора слухаюцца Яго?»

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath