Хрысціянства
назад

МАРКА 1

1Пачатак Эвангельля Ісуса Хрыста, Сына Божага.

2Як напісана ў Прарокаў: «Вось Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой перад Табою.

3Голас таго, хто кліча ў пустыні: Падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яго».

4Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні і абвяшчаючы хрышчэньне навяртаньня дзеля адпушчэньня грахоў.

5І выходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе Ерусалімцы, і ўсе былі ім хрышчаны ў рацэ Ярдан, вызнаючы грахі свае.

6І быў Ян апрануты ў вярблюдавы волас, і скураны пояс на паясьніцы яго, і еў ён саранчу і дзікі мёд.

7І абвяшчаў ён, кажучы: «Ідзе за мной Дужэйшы за мяне, Якому я ня варты, нахіліўшыся, разьвязаць рамень сандалаў Ягоных.

8Я хрышчу вас вадой, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым».

9І сталася ў тыя дні, прыйшоў Ісус з Назарэту Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане.

10І адразу, як выходзіў з вады, убачыў адкрытае неба і Духа, як голуба, што зыходзіў на Яго.

11І голас быў з неба: «Ты — Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне».

12І адразу Дух вядзе Яго ў пустыню.

13І быў Ён там у пустыні сорак дзён, спакушваны шатанам; і быў між зьвяроў, і анёлы паслугавалі Яму.

14А пасьля таго, як Ян быў выдадзены, прыйшоў Ісус у Галілею, абвяшчаючы Эвангельле Валадарства Божага

15і кажучы, што споўніўся час і наблізілася Валадарства Божае: «Навярніцеся і верце ў Эвангельле!»

16І, праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, што закідвалі [нерат] у мора, бо былі яны рыбаловамі.

17І сказаў ім Ісус: «Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей».

18І адразу, пакінуўшы сеткі свае, яны пайшлі за Ім.

19І, адыйшоўшыся адтуль недалёка, убачыў Ён Якуба Заўдыявага і Яна, брата ягонага, як яны ў чаўне напраўлялі сеткі.

20І адразу паклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Заўдыя ў чаўне з работнікамі, пайшлі за Ім.

21І ўваходзяць у Капэрнаум. І адразу ў суботу, увайшоўшы ў сынагогу, Ён навучаў.

22І ўсе дзівіліся з вучэньня Ягонага, бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.

23І быў у сынагозе іхняй чалавек, [апанаваны] духам нячыстым, і закрычаў ён,

24кажучы: «Пакінь! Што нам і Табе, Ісус Назарэец? Ты прыйшоў загубіць нас? Ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы!»

25Але прыгразіў яму Ісус, кажучы: «Замаўчы і выйдзі з яго!»

26І нячысты дух, тузануўшы яго і загаласіўшы моцным голасам, выйшаў з яго.

27І аслупянелі ўсе, таму пыталіся адзін аднаго, кажучы: «Што гэта? Што гэта за новае вучэньне, што з уладаю загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?»

28І адразу пайшла чутка пра Яго паўсюль у-ва ўсёй ваколіцы Галілейскай.

29І, адразу выйшаўшы з сынагогі, прыйшлі яны ў дом Сымона і Андрэя разам з Якубам і Янам.

30Цешча ж Сымона ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.

31І, падыйшоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку, і адразу пакінула яе гарачка, і яна паслугавала ім.

32А калі настаў вечар, як сонца зайшло, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі;

33і ўвесь горад сабраўся перад дзьвярыма.

34І Ён аздаравіў многіх хворых на розныя хваробы, і многіх дэманаў выгнаў, і не дазваляў дэманам гаварыць, што яны ведаюць, што Ён — Хрыстос.

35І раніцай, на самым досьвітку ўстаўшы, выйшаў, і пайшоў у пустыннае месца, і там маліўся.

36І пайшлі за Ім Сымон і тыя, што з ім [былі],

37і, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: «Усе шукаюць Цябе».

38А Ён кажа ім: «Хадзем у бліжэйшыя паселішчы, каб і там Я абвяшчаў, бо Я дзеля гэтага прыйшоў».

39І Ён абвяшчаў у сынагогах іхніх па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў.

40І прыходзіць да Яго пракажоны, просячы Яго і падаючы перад Ім на калені, і кажучы Яму: «Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць».

41Дык Ісус, зьлітаваўшыся, працягнуў руку і дакрануўся да яго, і кажа яму: «Хачу, будзь ачышчаны».

42І калі сказаў, адразу зыйшла з яго праказа і стаў ачышчаны.

43І, грозна глянуўшы на яго, адразу выправіў яго,

44і сказаў яму: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся сьвятару і прынясі за ачышчэньне сваё тое, што загадаў Майсей, дзеля сьведчаньня ім».

45Але ён, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і шырыць кругом гэта слова, што [Ісус] ужо ня мог адкрыта ўвайсьці ў горад, але быў вонкі, у мясьцінах пустынных. І прыходзілі да Яго адусюль.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath