МАЦЬВЕЯ 4
1Тады Ісус заведзены быў Духам у пустыню дзеля спакушэньня праз д’ябла,
2і, прапасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, нарэшце згаладнеў.
3І, падыйшоўшы да Яго, спакусьнік сказаў: «Калі Ты — Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталіся хлябамі».
4Ён жа, адказваючы, сказаў яму: «Напісана: “Ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім словам, што выходзіць з вуснаў Божых”».
5Потым бярэ Яго д’ябал у сьвяты горад, і стаўляе на самым версе сьвятыні,
6і кажа Яму: «Калі Ты — Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: “Анёлам Сваім загадае пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся аб камень нагою Тваёю”».
7Ісус сказаў яму: «Ізноў жа напісана: “Не спакушай Госпада, Бога твайго”».
8Ізноў бярэ Яго д’ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе валадарствы сьвету і славу іх,
9і кажа Яму: «Усё гэта дам Табе, калі, упаўшы, паклонішся мне».
10Тады Ісус кажа яму: «Адыйдзі ад Мяне, шатан! Бо напісана: “Госпаду, Богу твайму, пакланяйся і Яму аднаму служы”».
11Тады пакідае Яго д’ябал; і вось, анёлы прыступіліся і служылі Яму.
12А пачуўшы, што Ян у вязьніцы, Ісус адыйшоў у Галілею.
13І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і асеў у Капэрнауме прыморскім, у межах Завулёна і Нэфталі,
14каб споўнілася сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:
15«Зямля Завулёна і зямля Нэфталі, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея паганская,
16народ, які сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і тым, што сядзелі ў краіне і ценю сьмерці, сьвятло зазьзяла».
17З таго часу Ісус пачаў абвяшчаць і казаць: «Навярніцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».
18Праходзячы ж недалёка ад мора Галілейскага, Ён убачыў двух братоў, Сымона, называнага Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбаловы,
19і кажа ім: «Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў».
20І яны адразу, пакінуўшы сеці, пайшлі за Ім.
21Ідучы адтуль далей, убачыў Ён іншых двух братоў, Якуба Заўдыявага і Яна, брата ягонага, у чаўне з Заўдыем, бацькам іхнім, якія правілі сеці свае, і паклікаў іх.
22І яны адразу, пакінуўшы човен і бацьку свайго, пайшлі за Ім.
23І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхніх і абвяшчаючы Эвангельле Валадарства, і аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.
24І прайшлі пра Яго чуткі па ўсёй Сірыі, і прыводзілі да Яго ўсіх нядужых, з рознымі хворасьцямі і пакутамі, і апанаваных дэманамі, і люнатыкаў, і спараліжаваных, і Ён іх аздараўляў.
25І ішлі за Ім шматлікія натоўпы з Галілеі, і Дэкапалю, і Ерусаліму, і Юдэі, і з таго боку Ярдану.
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath