МАЦЬВЕЯ 3
1У тыя дні прыходзіць Ян Хрысьціцель, абвяшчаючы ў пустыні Юдэйскай
2і кажучы: «Навярніцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».
3Бо ён той, пра якога сказаў прарок Ісая: «Голас таго, хто кліча ў пустыні: Падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі рабіце сьцежкі Яму».
4Сам жа Ян меў адзеньне з вярблюдавага воласу і скураны пояс на паясьніцы сваёй, а ежаю яго была саранча і дзікі мёд.
5Тады выходзілі да яго Ерусалім, і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдану,
6і хрысьціліся ў яго ў Ярдане, вызнаючы грахі свае.
7А ўбачыўшы мноства фарысэяў і садукеяў, якія ішлі да яго хрысьціцца, сказаў ім: «Спараджэньні яхідны, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу?
8Учыніце ж плод, годны навяртаньня,
9і ня думайце гаварыць у думках сваіх: “Бацьку маем Абрагама”; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых падняць дзяцей Абрагаму.
10Ужо і сякера ля кораня дрэваў ляжыць; дык кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у агонь.
11Я хрышчу вас у вадзе на навяртаньне, але Той, Хто ідзе за мною, дужэйшы за мяне, і я ня варты несьці сандалы Ягоныя. Ён будзе хрысьціць вас у Духу Сьвятым і ў агні.
12Веялка Ягоная ў руцэ Ягонай, і Ён ачысьціць гумно Сваё, і зьбярэ пшаніцу Сваю ў сьвіран, а салому спаліць агнём нязгасным».
13Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна, каб хрысьціцца ў яго.
14Ян жа ўстрымліваў Яго, кажучы: «Мне трэба хрысьціцца ў Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?»
15А Ісус, адказваючы, сказаў яму: «Пакінь цяпер; бо гэтак нам належыць споўніць усякую праведнасьць». Тады дапускае Яго.
16І, ахрысьціўшыся, Ісус адразу ж выйшаў з вады, і вось, расчынілася Яму неба, і ўгледзеў Духа Божага, Які зыходзіў, як голуб, і прыходзіў на Яго.
17І вось, голас з неба, які казаў: «Гэта ёсьць Сын Мой улюбёны, у Якім маю ўпадабаньне».
крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)
WEBREATH · 11:11
«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25
Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.
WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath