Хрысціянства
назад

МАЦЬВЕЯ 2

1Калі ж Ісус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні валадара Ірада, прыйшлі ў Ерусалім мудрацы з усходу і кажуць:

2«Дзе народжаны Валадар Юдэйскі? Бо мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму».

3Пачуўшы гэтае, Ірад валадар устрывожыўся, і ўвесь Ерусалім з ім.

4І, сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народу, пытаўся ў іх, дзе павінен нарадзіцца Хрыстос.

5Яны ж сказалі яму: «У Бэтлееме Юдэйскім, бо гэтак напісана праз прарока:

6“І ты, Бэтлеем, зямля Юды, нічым ня меншы за ваяводзтвы Юды, бо з цябе выйдзе Правадыр, Які будзе пасьвіць народ Мой, Ізраіль”».

7Тады Ірад, цішком паклікаўшы мудрацоў, выведаў ад іх час зьяўленьня зоркі.

8І, паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: «Пайдзіце, добра даведайцеся пра Дзіцятка і, калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я, пайшоўшы, пакланіўся Яму».

9Яны, выслухаўшы валадара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над [месцам], дзе было Дзіцятка.

10Убачыўшы зорку, яны ўзрадаваліся радасьцю вельмі вялікаю.

11І, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіцятка з Марыяй, маці Ягонай, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і, адчыніўшы скарбы свае, прынесьлі Яму падарункі: золата, ладан і сьмірну.

12І, меўшы ў сьне слова не варочацца да Ірада, іншым шляхам адыйшлі ў краіну сваю.

13Калі ж яны адыйшлі, вось, анёл Госпада зьяўляецца ў сьне Язэпу і кажа: «Устань, вазьмі Дзіцятка і маці Ягоную, і бяжы ў Эгіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад мае шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго».

14Ён устаў уначы, узяў Дзіцятка і маці Ягоную, і пайшоў у Эгіпет.

15І там быў да сьмерці Ірада, каб споўнілася сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «З Эгіпту паклікаў Я сына Майго».

16Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы з яго пасьмяяліся, вельмі разгневаўся і паслаў забіць усіх дзяцей у Бэтлееме і ўсіх ваколіцах яго, ад двух гадоў і малодшых, паводле часу, які даведаўся ад мудрацоў.

17Тады споўнілася сказанае праз прарока Ярэмію, які кажа:

18«Голас у Раме чутны, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахель плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца, бо іх няма».

19А пасьля сьмерці Ірада, вось, анёл Госпада ў сьне зьяўляецца Язэпу ў Эгіпце

20і кажа: «Устань, вазьмі Дзіцятка і маці Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраіля, бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці».

21Ён устаў, узяў Дзіцятка і маці Ягоную, і прыйшоў у зямлю Ізраіля.

22А пачуўшы, што ў Юдэі пануе Архелай замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісьці; але, атрымаўшы слова ў сьне, пайшоў у межы Галілейскія.

23І, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, званым Назарэт, каб споўнілася сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath