Хрысціянства
назад

МАЦЬВЕЯ 27

1А калі настала раніца, усе першасьвятары і старшыні народу мелі нараду адносна Ісуса, каб забіць Яго.

2І, зьвязаўшы Яго, павялі і выдалі Яго Понтыю Пілату, ваяводзе.

3Тады Юда, які выдаў Яго, убачыўшы, што Ён асуджаны, пакаяўшыся, зьвярнуў трыццаць срэбнікаў першасьвятарам і старшыням,

4кажучы: «Саграшыў я, выдаўшы кроў бязьвінную». Яны ж сказалі яму: «Што нам да гэтага? Глядзі сам».

5І, кінуўшы срэбра ў бажніцы, ён выйшаў і, адыйшоўшы, павесіўся.

6А першасьвятары, узяўшы срэбра, сказалі: «Нельга кінуць яго ў скарбонку, бо яно — цана крыві».

7Зрабіўшы ж нараду, яны купілі за яго поле ганчара, каб хаваць чужынцаў.

8Дзеля гэтага завецца поле тое “полем крыві” аж да сёньня.

9Тады споўнілася сказанае праз Ярэмію прарока, які кажа: «І ўзялі трыццаць срэбнікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраіля,

10і далі іх за поле ганчара, як загадаў мне Госпад».

11А Ісус стаў перад ваяводам; і спытаўся ў Яго ваявода, кажучы: «Ты — Валадар Юдэйскі?» Ісус жа сказаў яму: «Ты кажаш».

12І, калі абвінавачвалі Яго першасьвятары і старшыні, Ён нічога не адказваў.

13Тады кажа Яму Пілат: «Ня чуеш, колькі сьведчаць супраць Цябе?»

14І не адказаў яму ніводнага слова, так што ваявода надта дзівіўся.

15А на сьвята ваявода меў звычай вызваляць натоўпу аднаго вязьня, якога яны хочуць.

16Мелі ж тады знакамітага вязьня, называнага Барабба.

17Дык калі яны сабраліся, сказаў ім Пілат: «Каго хочаце, каб я вызваліў вам: Бараббу ці Ісуса, называнага Хрыстом?»

18Бо ведаў, што праз зайздрасьць выдалі Яго.

19Калі ён сядзеў на судовым пасадзе, жонка ягоная паслала да яго, кажучы: «Няма чаго [рабіць] табе і Праведніку Гэтаму, бо я шмат перацярпела сёньня ў-ва сьне дзеля Яго».

20Але першасьвятары і старшыні пераканалі натоўп, каб прасілі Бараббу, а Ісуса загубілі.

21Адказваючы, ваявода сказаў ім: «Каго хочаце з гэтых двух, каб я вызваліў вам?» Яны ж сказалі: «Бараббу».

22Кажа ім Пілат: «Што тады я ўчыню Ісусу, называнаму Хрыстом?» Кажуць яму ўсе: «Няхай будзе ўкрыжаваны!»

23А ваявода сказаў: «Дык якое зло ўчыніў Ён?» А яны яшчэ мацней закрычалі, кажучы: «Няхай будзе ўкрыжаваны!»

24Пілат, бачачы, што няма ніякай рады, але замяшаньне стаецца яшчэ большае, узяўшы ваду, памыў рукі перад натоўпам, кажучы: «Бязьвінны я ў крыві Праведніка Гэтага. Вы глядзіце».

25І, адказваючы, увесь народ сказаў: «Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых!»

26Тады ён вызваліў ім Бараббу, а Ісуса, убічаваўшы, выдаў, каб быў укрыжаваны.

27Тады жаўнеры ваяводы, узяўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі на Яго ўсю кагорту.

28І, зьняўшы з Яго [ўсё], усклалі на Яго плашч пунсовы,

29і, сплёўшы вянок з церня, усклалі на галаву Ягоную, і [далі] трысьціну ў правую руку Ягоную, і, кленчучы перад Ім, зьдзекваліся з Яго, кажучы: «Радуйся, Валадару Юдэйскі!»

30І тыя, што плявалі на Яго, узялі трысьціну, і білі па галаве Ягонай.

31І, калі назьдзекваліся з Яго, зьнялі з Яго плашч, і апранулі Яго ў адзеньне Ягонае, і павялі Яго на ўкрыжаваньне.

32А выходзячы, яны знайшлі чалавека Кірэнэйца, на імя Сымон; яго прымусілі несьці крыж Ягоны.

33І прыйшлі на месца, называнае Галгофа, што азначае Месца Чэрапа.

34Яны далі Яму піць воцат, зьмяшаны з жоўцю; і, пакаштаваўшы, Ён не захацеў піць.

35А тыя, што ўкрыжавалі Яго, падзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабя, каб споўнілася сказанае праз прарока: «Падзялілі адзеньне маё між сабою і пра вопратку маю кідалі жэрабя».

36І, пасеўшы, пільнавалі Яго там.

37І зьмясьцілі над галавою Яго надпіс пра віну Ягоную: «Гэта Ісус, Валадар Юдэйскі».

38Тады былі ўкрыжаваныя з Ім разам два разбойнікі: адзін — праваруч, а другі — леваруч.

39А тыя, што праходзілі міма, блюзьнілі на Яго, ківаючы галовамі сваімі

40і кажучы: «Ты, Які руйнуеш бажніцу і ў тры дні адбудоўваеш, збаў Сябе Самога! Калі Ты — Сын Божы, зыйдзі з крыжа!»

41Таксама і першасьвятары з кніжнікамі і старшынямі, зьдзекуючыся, казалі:

42«Іншых збаўляў, а Сябе ня можа збавіць! Калі Ён — Валадар Ізраіля, няхай зыйдзе цяпер з крыжа, і мы паверым Яму.

43Спадзяваўся на Бога, няхай Ён цяпер выбавіць Яго, калі хоча Яго. Бо Ён казаў: “Я — Сын Божы”».

44Да таго і разбойнікі, укрыжаваныя разам з Ім, зьневажалі Яго.

45А ад шостае гадзіны цемра сталася па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятае.

46Каля ж дзявятае гадзіны загаласіў Ісус моцным голасам: «Элі! Элі! Лама сабахтані?», што значыць: «Божа Мой! Божа Мой! Чаму Ты Мяне пакінуў?»

47А некаторыя з тых, што там стаялі, пачуўшы, казалі: «Ён Ільлю кліча».

48І адразу адзін з іх, пабегшы, і ўзяўшы губку, і напоўніўшы яе воцатам, і ўсклаўшы на трысьціну, даваў Яму піць.

49А іншыя казалі: «Пакінь, паглядзім, ці прыйдзе Ільля збавіць Яго».

50А Ісус, зноў усклікнуўшы моцным голасам, аддаў духа.

51І вось, заслона ў бажніцы была разьдзёртая надвое ад верху да нізу; і зямля затрэслася; і скалы разьдзерліся.

52І магілы адчыніліся; і шмат целаў памёршых сьвятых паўстала,

53і, выйшаўшы з магілаў, пасьля ўваскрасеньня Ягонага ўвайшлі ў сьвяты горад і зьявіліся многім.

54Сотнік жа і тыя, што з ім пільнавалі Ісуса, убачыўшы землятрус і тое, што сталася, страхам напалохаліся, кажучы: «Праўда, Ён — Сын Божы».

55Было там шмат жанчынаў, што глядзелі здалёк, якія ішлі за Ісусам з Галілеі, паслугуючы Яму.

56Між імі былі Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба і Ёсіі, і маці сыноў Заўдыя.

57А калі настаў вечар, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, на імя Язэп, які таксама быў вучнем Ісуса.

58Ён, падыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Ісуса. Тады Пілат загадаў аддаць цела.

59І, узяўшы цела, Язэп абкруціў Яго чыстай палатнінаю

60і палажыў Яго ў сваёй новай магіле, якую ён высек у скале; і, прываліўшы вялікі камень да ўваходу ў магілу, адыйшоў.

61Былі ж там Марыя Магдалена і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы.

62А на наступны дзень, які пасьля дня прыгатаваньня, сабраліся першасьвятары і фарысэі ў Пілата,

63кажучы: «Пане! Мы ўзгадалі, што падманшчык той, як быў яшчэ жывы, казаў: “Праз тры дні ўваскрэсну”.

64Дык загадай вартаваць магілу да трэцяга дня, каб не прыйшлі вучні Ягоныя ўначы, і ня ўкралі Яго, і не сказалі народу: “Ён уваскрос з мёртвых”. І будзе апошні падман горшы за першы».

65Пілат жа прамовіў да іх: «Маеце варту; ідзіце, вартуйце, як ведаеце».

66Яны ж, пайшоўшы, вартавалі магілу з вартаю, запячатаўшы камень.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath