Хрысціянства
назад

МАЦЬВЕЯ 24

1І, выйшаўшы, Ісус ішоў ад сьвятыні; і падыйшлі вучні Ягоныя, каб паказаць Яму пабудовы сьвятыні.

2А Ісус сказаў ім: «Ці бачыце ўсё гэтае? Сапраўды кажу вам: не застанецца тут камяня на камяні, які б ня быў зруйнаваны».

3А калі сядзеў Ён на гары Аліўнай, падыйшлі да Яго вучні насамоце, кажучы: «Скажы нам, калі гэта будзе, і які знак Твайго прыйсьця і сканчэньня веку?»

4І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Глядзіце, каб ніхто не падмануў вас,

5бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы: “Я — Хрыстос”, — і шмат каго падмануць.

6Маеце чуць пра войны і чуткі ваенныя. Глядзіце, не трывожцеся, бо ўсё гэта мусіць стацца, але гэта яшчэ не канец.

7Бо паўстане народ на народ і валадарства на валадарства; і будуць голад, і пошасьці, і землятрусы месцамі.

8А ўсё гэтае — пачатак мукаў радзін.

9Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас, і зьненавідзяць вас усе народы за імя Маё.

10І тады згоршацца многія; і будуць выдаваць адзін аднаго, і ненавідзець адзін аднаго.

11І многія фальшывыя прарокі паўстануць, і падмануць многіх.

12І дзеля памнажэньня беззаконьня ў многіх асьцюдзянее любоў.

13А хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.

14І будзе абвешчанае гэтае Эвангельле Валадарства па ўсім сьвеце на сьведчаньне ўсім народам, і тады прыйдзе канец.

15Дык калі ўбачыце агіду спусташэньня, пра якую сказаў Данііл прарок, што паўстане на месцы сьвятым, — хто чытае, няхай зразумее, —

16тады тыя, што ў Юдэі, няхай бягуць у горы,

17хто на даху, няхай не зыходзіць узяць што з дому свайго,

18і хто ў полі, няхай не варочаецца назад узяць адзеньне сваё.

19Гора ж тым, якія цяжарныя і якія кормяць грудзьмі, у тыя дні.

20Маліцеся ж, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою або ў суботу.

21Бо тады будзе вялікі прыгнёт, якога не было ад пачатку сьвету аж дагэтуль, і ня будзе.

22І калі б не былі скарочаныя тыя дні, не было б збаўленае ніводнае цела, але дзеля выбраных будуць скарочаныя тыя дні.

23Тады, калі хто скажа вам: “Вось, тут Хрыстос, ці там”, — ня верце.

24Бо паўстануць фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі і дадуць вялікія знакі і цуды, каб падмануць, калі магчыма, і выбраных.

25Вось, Я наперад сказаў вам.

26Дык, калі скажуць вам: “Вось, Ён у пустыні”, — не выходзьце; “Вось, Ён у пакоях”, — ня верце.

27Бо, як бліскавіца выходзіць з усходу і сьвеціць да захаду, так будзе і прыйсьце Сына Чалавечага.

28Бо дзе мёртвае цела, там зьбяруцца і арлы.

29А адразу пасьля прыгнёту дзён тых сонца зацьмее, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі ўпадуць з неба, і сілы нябесныя захістаюцца.

30І тады зьявіцца знак Сына Чалавечага ў небе, і тады заплачуць усе калены зямлі і ўгледзяць Сына Чалавечага, Які ідзе на аблоках нябесных з сілаю і славаю вялікаю.

31І пашле Ён анёлаў Сваіх з гучным голасам трубным, і зьбяруць яны выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краю неба да краю яго.

32У дрэва фігавага навучыцеся прыповесьці: калі ўжо галінка ягоная робіцца мяккаю і пускае лісты, ведаеце, што блізка лета.

33Гэтак і вы, калі ўбачыце ўсё гэтае, ведайце, што блізка, у дзьвярах.

34Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленьне гэтае, як усё гэта станецца.

35Неба і зямля прамінуць; а словы Мае не прамінуць.

36А пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, нават анёлы, якія ў небе, а толькі Айцец Мой адзін.

37Але, як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыйсьце Сына Чалавечага.

38Бо як было ў дні перад патопам: елі, пілі, жаніліся і замуж выходзілі, аж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,

39і не разумелі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, так будзе і ў прыйсьце Сына Чалавечага.

40Тады будуць двое ў полі: адзін бярэцца, а другі пакідаецца.

41Дзьве, якія мелюць у жорнах: адна бярэцца, а другая пакідаецца.

42Дык чувайце, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Госпад ваш прыйдзе.

43Вы ж разумееце тое, што, калі б ведаў гаспадар дому, у якую варту прыйдзе злодзей, чуваў бы і не дапусьціў падкапаць дом свой.

44Дзеля гэтага і вы будзьце падрыхтаваныя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіну, у якую ня думаеце.

45Хто такі верны і мудры слуга, якога гаспадар ягоны паставіў над хатнімі сваімі даваць ім ежу ў свой час?

46Шчасьлівы той слуга, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы, знойдзе, што робіць гэтак.

47Сапраўды кажу вам, што над усёю маёмасьцю сваёю паставіць яго.

48А калі скажа той злы слуга ў сэрцы сваім: “Марудзіць прыйсьці гаспадар мой”, —

49і пачне біць таварышаў сваіх, таксама есьці і піць з п’яніцамі, —

50прыйдзе гаспадар слугі таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня ведае,

51і адлучыць яго, і ўчыніць яму адзін лёс з крывадушнікамі; там будзе плач і скрыгат зубоў.

крыніца: Біблія (пераклад А.Бокуна)

WEBREATH · 11:11

«He himself gives everyone life and breath and everything else» — Acts 17:25

Breath is one for all: everyone lives by it, whoever they are and whatever they believe. Every day at 11:11 local time people stop for sixty seconds, breathe, and thank GOD for the breath — each in their own words, each within themselves. In that minute we are One Breath.

WEBREATH — the Minute at 11:11, your own local time — we are One Breath